Ад "Миколки-паровоза" да загадкавага Кітая. Што цікавага з'явілася ў кніжных за месяц?
2024-12-17 18:15
Народнаму мастаку Беларусі Васілю Шаранговічу сёлета споўнілася б 85… Яшчэ вясной у Нацыянальным мастацкім музеі давялося наведаць прысвечаную яму выставу "Асоба. Мастак. Настаўнік", а нядаўна ў рукі трапіла кніга з серыі "Славутыя мастакі Беларусі".
Яна так і называецца -
"Васіль Шаранговіч". Складаецца з артыкула пра майстра і ілюстрацый - карцін 1971-1997 гадоў, разглядаючы якія, адзначым, наколькі ж яскрава выявілася ў графіцы мастацкае мысленне творцы, як адчувае ён лініі, як натхняецца падзеямі не толькі сучаснай эпохі. Несумненнай заслугай Васіля Шаранговіча стала, як вядома, ператварэнне гравюры ў самастойную галіну нацыянальнай мастацкай культуры і стварэнне беларускай школы графікі - станковай і кніжнай.
Так, сярод важных станковых работ можна прыгадаць партрэт Францыска Скарыны, літаграфію "Ганчар", манументальную літаграфію "А хто там ідзе?" паводле матываў аднайменнага верша Янкі Купалы, лінагравюру "Смерць Гражыны" паводле матываў паэмы Адама Міцкевіча "Гражына", серыю аўталітаграфій "Блакада", гравюру "Якуб Колас у Люсінскай школе" і серыю вялікіх лінагравюр "Край Нарачанскі", над якой мастак працаваў доўга: рабіў у родных мясцінах эскізы, бываў у нарачанскіх рыбакоў на досвітку, калі яны вярталіся з начной лоўлі. Вялікія памеры гравюр патрабавалі філіграннай тэхнікі, упэўненасці ліній разца, шмат часу, значных фізічных намаганняў. Васілю Пятровічу належыць таксама жывапісны партрэт Стэфаніі Станюты. Велічны скарб работ мастака прадстаўлены ў айчынных і замежных музеях.Ад мастака-класіка заглыбімся ў "Свет класікі дзецям" - кніжную серыю, якую працягнула аповесць Міхася Лынькова
"Миколка-паровоз". Новае перавыданне самага папулярнага твора народнага пісьменніка Беларусі зроблена грунтоўна і якасна, а таму, мяркую, многія бацькі школьнікаў абавязкова папоўняць ім хатнія бібліятэкі. Можа, у вольную часіну і самі захочуць аднавіць у памяці тое, што так захапляла ў дзяцінстве! Колькі гадоў мінула, як я пазнаёмілася з "Міколкам", але дагэтуль памятаю некаторыя моманты. Насмяшыла мяне, напрыклад, "Происшествие с дедовым скакуном"! Вось той урывак: "Скачет дед ни жив ни мертв, только борода по ветру развевается. Ему бы закричать "спасайте!“, да к лицу ли бывалому воину призывать людей на выручку! Вцепился в гриву, держится. А конь давай подпрыгивать, задние ноги кверху подбрасывать. Дед не удержался и птахой взлетел в воздух. Хорошо еще, что носился конь-рысак вокруг большущей березы: ухватился дед за толстый сук, повис на нем. Дрыгает ногами, а коня и след простыл…".
Шмат старонак напісана з гумарам, але ёсць у аповесці месца і трагічнаму, і гераічнаму. Міколка, сын чыгуначніка-бальшавіка, - хлопец рашучы, знаходлівы, здольны прымусіць пахвалявацца за сябе, але ж разам з тым натхняе на прыгоды, дорыць дзіцячую шчырую веру ў магчымасць пабудовы справядлівага грамадства і ўсеагульнага шчасця. Дарэчы, паводле матываў аповесці ў 1956 годзе кінастудыя "Беларусьфільм" выпусціла мастацкі фільм з аднайменнай назвай. Мільёны гледачоў ва ўсім Саюзе з заміраннем сэрца сачылі за Паравозам.Калі хочаш атрымаць ад чытання нейкую практычную карысць, выдаліць прабелы ў ведах, то такіх "практыкаарыентаваных" кніг сёння ў продажы багата. Раю звярнуць увагу на заснаваную летась серыю "Славим Родину трудом", карысную не толькі для дзяцей, хоць менавіта на малодшую аўдыторыю яна разлічана ў першую чаргу. У кнізе
"Кто продает товары?" аўтары Святлана Штабінская і Наталля Паддубская расказваюць, у тым ліку праз прыгожы ілюстрацыйны матэрыял і тэматычнае заданне, аб прафесіі прадаўца.
Выданне, несумненна, вырашае глабальную задачу, звязаную з фарміраваннем ранняй прафесійнай арыентацыі, выхаваннем каштоўнаснага стаўлення да працы наогул. Падача матэрыялу нагадвае карысны лікбез. Здаецца, штодня бачым "тых, хто прадае тавары", але ці разбіраемся ў тонкасцях: хто такі прадавец, прадавец-кансультант? Што неабходна прадаўцу для работы? Якая форма адзення ў яго можа быць? Чым займаецца таваравед? За што адказвае дырэктар і якія рысы характару патрэбны кантралёру-касіру? Пачытаем - урэшце будзем ведаць, да каго з якімі пытаннямі звяртацца.Колькі цікавага можна расказаць усяго аб адной прафесіі, а калі гэта цэлая краіна, тым больш плошчай 9,6 млн квадратных кіламетраў? Серыя "Мир путешествий" паспяхова працягваецца кнігай Дзмітрыя Кашавара і Эліны Сапожнікавай
"Китай" з падрабязнасцямі аб тым, што робіць Паднябесную ўнікальнай і загадкавай. Узяць хоць бы кітайскія іерогліфы, якіх налічваецца 10 тысяч, пры гэтым звычайны жыхар краіны выкарыстоўвае ў паўсядзённым жыцці ўсяго некалькі тысяч, разумець значэнне пяці тысяч - ідэал, якога дасягаюць нямногія з тых, у каго ёсць вышэйшая адукацыя. Ці вось яшчэ факт: дзясяткі мільёнаў кітайцаў жывуць у дамах-пячорах, удалечыні ад развітых гарадоў існуюць нават цэлыя такія вёскі. Адначасова вельмі шмат людзей жывуць у хмарачосах. Дарэчы, палова ўсіх высотак планеты знаходзіцца менавіта ў Кітаі.
Пра неверагодных бамбукавых мядзведзяў у кнізе таксама ёсць. Усё ж такі панды - нацыянальны сімвал гэтай краіны. А вось як атрымалася, што Кітаю належаць адразу ўсе панды свету, як іх вывучаюць і колькі гадзін спяць жывёлы - дазнаецеся самастойна. Народы Беларусі і Кітая звязвае трывалае сяброўства, і каб наладжанае ў апошнія гады ўсебаковае супрацоўніцтва сапраўды прыносіла плён, вельмі важна як мага лепей ведаць і разумець краіну, што знаходзіцца за тысячы кіламетраў ад нашай мяжы. І "Кітай", і іншыя кнігі серыі "Мир путешествий" даступныя ў 3D-фармаце праз электронны дадатак.Ад далёкіх берагоў вернемся на радзіму, дзе таксама яшчэ ёсць што павывучаць-падаследаваць. Раман і тры апавяданні Зінаіды Дудзюк, сабраныя пад адной вокладкай, цудоўна дапамогуць у гэтым. Кніга, якая называецца як і раман -
"Сыны Рарога", стала, дарэчы, пераможцам літаратурнага конкурсу LitUp, фінал якога адбыўся падчас ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.
Гістарычны прыгодніцкі твор, у аснову якога аўтар паклала звесткі хронік такіх летапісцаў, як Адам Брэменскі, Саксон Граматык, Гельмальд з Басаў ды іншых, апавядае нам пра славянскае племя, якое называла сябе "рарогамі", жыло на тэрыторыі часткі Германіі, імкнулася захаваць сваю незалежнасць, вераванні ды самабытнасць, адбіваючы напады франкаў і данаў. Падзеі адбываюцца ў канцы першага тысячагоддзя. Славянскі князь Дражка, яго браты Годслаў і Славамір, сын Чаладраг усяляк імкнуцца процістаяць заваёўнікам. Даўнія падзеі цалкам адгукаюцца ў нашай рэчаіснасці праз тапонімы, прозвішчы, звычаі і абрады, нейкім дзіўным чынам высвечваюць падзеі сучаснасці.Чытаем, даследуем далей!| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Ад прозы і вершаў класікаў да сучаснага дэтэктыва: цікавыя навінкі белліта"Тры таварыша" Рэмарка па-беларуску і не толькі. Цікавыя свежыя выданні на розны густЯк жартавалі Купала і Колас? Пяць цікавых кніжных навінак на розны густ
БЕЛТА - Новости Беларуси, © Авторское право принадлежит БЕЛТА, 1999-2021гг.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.