"Абавязкова прыходзіць новы дзень". 5 кніг на беларускай мове, якія прымушаюць задумацца

2024-09-02 17:25
Раім пацікавіцца ў бібліятэцы кніжнымі навінкамі - яны дазволяць нырнуць у безліч падзей, сітуацый, прасачыць хітраспляценні рэальнага з міфічным, дакументальнага з дэтэктыўным.Сюжэты Вялікай Айчыннай не пакідаюць у спакоі сучасных майстроў слова. Вось і аршанскага пісьменніка Канстанціна Нілава трывала трымае ваенная тэматыка. Спачатку ўвагу прыцягнула яго дакументальная "Копысская новелла" - пра подзвіг удзельнікаў партыйна-камсамольскага падполля і партызанскага руху ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна, уклад землякоў у агульную Перамогу.Сёння чытачы зацікавіліся раманам Нілава "Горькая страсть полонеза Огинского" ў дзвюх частках. Пакуль знайшла толькі першую - пад паэтычнай назвай "Вкус рябины лесной". Але, як можна здагадацца, аўтар піша не пра хараство прыроды. Яго твор пагружае ў вірлівыя падзеі на пачатку Другой сусветнай вайны, расказвае пра нялёгкія будні савецкай разведкі і контрразведкі.У цэнтры ўвагі - лёсы людзей, якія нечакана апынуліся ў надзвычайных ваенных сітуацыях: на чужыне, у лагерах. Як праяўляецца іх характар, пра што думаюць - усё гэта цікавіць аўтара. Пытанні, якія не даюць спакою героям рамана, няпростыя, але патрабуюць адказу і разумення. З болем у голасе ўсклікае адна з гераінь рамана, старшая медсястра хірургічнага аддзялення Зоя Васільеўна: "І як нашы штабісты маглі дапусціць такое, каб не прадбачыць гэты раптоўны напад немцаў? Парады сумесныя ў Брэсце рабілі, шампанскае на дыпламатычных сустрэчах пілі, а самі не бачылі побач такога каварнага ворага".Падзеі ж рамана-версіі вядомага літаратара Уладзіміра Гаўрыловіча "Любі бліжняга свайго…" пераносяць чытача то ў сучаснасць, то ў мінулае: яны адбываюцца ў 2022 і 2023 гадах у Беларусі і Расіі і дзесяць стагоддзяў таму ў Кіеўскай Русі і Тураўскім княстве. Твор стаў працягам вядомага рамана "Па веры вашай…", які летась адзначаны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй.Гаўрыловіч разважае пра катэгорыі важныя, фундаментальныя. Паводле аўтара, нават у самыя страшныя хвіліны кожны чалавек мае права выбіраць, перад кожным адкрываюцца мінімум два шляхі. Хіба не гэта самая невычэрпная для пісьменніцкіх даследаванняў і разваг тэма? Сумленне і здрада, вера і яе адсутнасць, загінуць з гонарам або жыць са страхам выкрыцця - што выбіраюць у розных сітуацыях героі новага рамана-версіі? "Ведаеш, сынок, напэўна, Гасподзь так запланаваў для цябе, столькі выпрабаванняў, каб ты ўрэшце стаў чалавекам, - кажа адзін з іх. - Але пасля ўсяго, што здараецца, абавязкова прыходзіць новы дзень. Дай Бог, каб ён у цябе быў без памылак". Уладзімір Гаўрыловіч валодае бясспрэчным талентам пранікнуць у сутнасць чалавечай душы, у прычыны тых ці іншых рашэнняў і ўчынкаў. Кожным радком аўтар быццам падштурхоўвае да гуманістычнай высновы: усе мы ёсць і будзем жыць дзеля шчасця, а не для таго, каб вынішчаць сабе падобных.У пэўным сэнсе гістарычны (але ўсё ж такі і дэтэктыўны) раман вырваў мяне суботнім вечарам з рэчаіснасці. Захапіла "Ожерелье из Финикии, или Три тысячи лет преступлению" Віктара Крукоўскага. Яго пяру належаць добрыя, карысныя і для дзяцей, і для дарослых творы, напрыклад краязнаўчыя казкі.У рамане аўтар у ролі следчага на пенсіі прасочвае лёс загадкавых караляў - містычнага артэфакта, вакол якога цягам тысячагоддзяў развіваліся таемныя падзеі. Прага нажывы, самаахвярнасць, жорсткасць і міласэрнасць, вераломства і адплата, нянавісць і любоў інтрыгуюць ад першай старонкі. Сюжэт пачынаецца са справы № 1 часоў ад другога тысячагоддзя да новай эры - "Аб разбойным нападзе на дом рамесніка Эніёна з Сідона, яго забойстве і выкраданні належачых яму каштоўнасцей", а заканчваецца распачатай у 1992-м справай № 8 "Аб забойстве жыхароў вёскі Студзёнкі Пелагеі Сямёнаўны і Рыгора Васільевіча Кузьмічовых". Чым завяршыліся страсці вакол караляў і адной рубінавай пацерачкі, якая засталася ў следчага насуперак усім законам і правілам, не патрапіўшы ў лік рэчавых доказаў? І ці даведаемся напрыканцы, дзе тая каштоўнасць цяпер?Па-майстэрску спалучае рэальнае з містычным яшчэ адзін аўтар, з творчасцю якога пазнаёмілася не так даўно. Зборнік твораў малога жанру "Калі чужая душа - твая" Віктара Кунцэвіча пачынаецца аповесцю "Што падкажа сэрца…". Па назве ўжо можна рабіць выснову, што тут не столькі пра каханне, а пра адказнасць, памылкі і рашэнні, якія цяжка прыняць. Аўтар, дасягнуўшы пэўных вяршынь на ніве паэтычнай, таленавіта "закруціў" некалькі цікавых сюжэтаў у прозе - аповесцях, апавяданнях ды жыццёвых згадках (абразках). У кожным адчуваецца дапытлівасць і назіральнасць творцы, яго шчырасць, дабрыня і гумар. Творы здзіўляюць жыццёвай мудрасцю, любоўю да ўсяго жывога (хоць да вароны, хоць да парсючка), выразнасцю трапна прыкмечаных дэталей. Пачытаеш абразок "Спецыяліст па свіннях" - і схамянешся: во жыццё змянілася! Ну праўда, хто сёння ведае, што свіней некалі пасвілі? Затое за літаратурнымі героямі цікава і весела назіраць, разам з імі здзіўляцца і перажываць за іх.Бадай, усе пакаленні пісьменнікаў у розных краінах, асэнсоўваючы рэчаіснасць, з павагай ставяцца да фальклорна-міфалагічнай спадчыны, вывучаюць яе. Дзякуючы гэтаму творцы глыбока даследуюць цесную сувязь паміж чалавекам і Сусветам. Дарэчы будзе згадаць раман Габрыэля Гарсіі Маркеса "Восень патрыярха", "Буранны паўстанак: і вякуе дзень даўжэй за век" Чынгіза Айтматава, знакамітую казку "Сярэбраная табакерка" Змітрака Бядулі…Сучаснікі таксама спрабуюць разабрацца ў мінулым і спрадвечным. Добры таму прыклад - аповесць Алеся Кажадуба "Лесавік" у зборніку "Цені дзікага палявання". Твор пераконвае ў тым, што ментальнасць беларуса засноўваецца на яго еднасці з прыродай, пра што, уласна, сведчаць найперш старадаўнія міфы. Нават добра вядомы нашым прашчурам лесавік здольны дапамагчы асэнсаваць спрадвечныя ісціны. "Для лесавіка гэта зямля, зямля ў атачэнні рэк і балот, зямля з дубовымі гаямі і сасновымі барамі, з чыстымі бярэзнікамі і шапатлівымі ельнікамі была найлепшая, хаця іншай зямлі ён і не ведаў".Прыемнага чытання!| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Пяць кніг, якія нядрэнна было б пачытаць разам з дзецьміШто вы ведаеце пра нацыянальныя паркі? Пять цікавых кніг, якія выдалі ў Беларусі"І хто ж, вы думаеце, парушыў ідылію?" Пяць свежых і цікавых выданняў белліта