ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Среда, 24 апреля 2024
Минск Сплошная облачность +1°C
Все новости
Все новости
Общество
25 марта 2019, 10:58

На фронце – без істотных перамен

Вiд на цэнтральную частку акупiраванага фашысцкiмi войскамi Вiцебска. Фота зроблена нямецкiм лётчыкам
Вiд на цэнтральную частку акупiраванага фашысцкiмi войскамi Вiцебска. Фота зроблена нямецкiм лётчыкам

Сакавік месяц 1944-га на беларускім напрамку савецка-германскага фронту не вызначыўся значнай колькасцю падзей. На ўсёй лініі супрацьстаяння праціўнікаў, якую з поўдня на поўнач Беларусі можна правесці ад вызваленых ад ворага раней Чырвонай арміяй Лельчыцаў і далей – у напрамку на таксама ачышчаныя ад акупантаў Мазыр, Калінкавічы, Рагачоў, Слаўгарад, Мсціслаў, Лёзна, Гарадок, адчувалася вялікае напружанне. Становішча даволі часта ўскладнялася так званымі баямі мясцовага значэння, аднак яны кардынальнага ўздзеяння на расстаноўку сіл не аказвалі.

Страсці вакол Віцебска

Самай жа буйной ваеннай падзеяй гэтага часу на беларускай зямлі стала правядзенне сіламі 1-га Прыбалтыйскага і Заходняга франтоў 2-га этапа Віцебскай наступальнай аперацыі. Яго галоўнай задачай па-ранейшаму заставалася авалоданне горадам на Заходняй Дзвіне, якому абодва бакі надавалі вялікае стратэгічнае значэнне і баі за які беспаспяхова для Чырвонай арміі вяліся з канца 1943 года. На гэты раз баявыя дзеянні аднавіліся ў апошні дзень зімы – 29 лютага і закончыліся 13 сакавіка.

Падраздзяленні Заходняга фронту, якімі камандаваў наш зямляк генерал-палкоўнік Васіль Сакалоўскі, перайшлі ў наступленне на паўднёвым напрамку ад Віцебска, а войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту на чале з генералам арміі Іванам Баграмянам – з усходу і поўначы. На разгром віцебскай групоўкі праціўніка ў агульнай колькасці было нацэлена 8 агульнавайсковых і дзве паветраныя арміі плюс два танкавыя корпусы. Ім супрацьстаялі войскі нямецкай групы армій "Цэнтр" фельдмаршала Эрнста Буша: 3-я танкавая армія, якая складалася з трох армейскіх карпусоў, і 6-ы паветраны флот, у распараджэнні якога знаходзілася каля 1 тыс. самалётаў і некалькі зенітных дывізій.

Трэба падкрэсліць, што ў раёне Віцебска праціўнік здолеў стварыць магутную лінію абароны. Гітлер асабіста адсочваў разгортванне баявых дзеянняў у раёне гэтага горада і на адной з нарад назваў яго "фэстунгам" (цвярдыняй, крэпасцю), загадаўшы ўтрымліваць да апошняга чалавека. Таму і абаранялі немцы свой віцебскі рубеж з упартасцю асуджаных. "…Пришлось до предела напрягать все свои силы, чтобы удержать оборону… она неоднократно находилась на грани прорыва", – згадваў у сваіх успамінах "История Второй мировой войны" непасрэдны ўдзельнік тых баёў камандзір аднаго з карпусоў групы армій "Цэнтр" генерал Курт фон Ціпельскірх.

У выніку чарговае наступленне савецкіх войск на Віцебск прывяло толькі да частковага поспеху – падраздзяленні 1-га Прыбалтыйскага фронту ўсяго на некалькі кіламетраў змаглі прайсці наперад, вызваліўшы пры гэтым каля трох дзясяткаў беларускіх вёсак. "На Витебском направлении наши войска вели наступательные бои, в ходе которых заняли более 30 населенных пунктов и среди них Батали, Пекари, Скулович, Абухово, Тишкова, Вороны, Селюты", – паведамлялася ў зводцы Саўінфармбюро за 1 сакавіка 1944 года. Праўда, войскі Заходняга фронту не мелі і гэтага – іх спроба на працягу 5–9 сакавіка нанесці знішчальны ўдар па ворагу ў раёне Оршы не прынесла ніякага выніку. Ледзьве стрымліваючы контратакі праціўніка, яны вымушаны былі перайсці да абароны.

Зусім па-іншаму ў гэты час складвалася сітуацыя на паўднёвым і паўночным напрамках ад Беларусі. У сакавіку савецкія войскі, якія дзейнічалі ва Украіне, разгарнулі маштабную наступальную аперацыю ад Луцка да вусця Дняпра. Вынікам стала вызваленне імі шэрага буйных гарадоў, сярод якіх Херсон, Мікалаеў, Вінніца, Хмяльніцкі, Камянец-Падольскі, Каламыя, Чарнаўцы, Цярнопаль і інш., выхад на дзяржаўную граніцу СССР з Румыніяй і фарсіраванне прыгранічнай ракі Прут. Менш маштабна праходзілі баявыя дзеянні на поўнач ад Беларусі. Так, войскі Ленінградскага фронту на працягу першай паловы сакавіка вялі жорсткія баі па вызваленні Пскова і, зламаўшы супраціўленне праціўніка, дасягнулі пэўнага поспеху на паўднёвым ад горада флангу баявых дзеянняў – па фронце працягласцю 18 км прасунуліся больш як на 13 км углыб варожых пазіцый.

Стан спраў на беларускім напрамку і асабліва вакол Віцебска не задавольваў Стаўку, і на Заходні фронт для разбору сітуацыі была накіравана спецыяльная камісія. У красавіку на падставе яе вывадаў генерал арміі В. Сакалоўскі быў адхілены ад пасады камандуючага Заходнім фронтам, а само вайсковае фарміраванне падзялілі на два – 2-і і 3-і Беларускія франты. Але і пасля гэтага істотных перамен на "віцебскім фронце" не адбылося.

"Геніяльная ідэя"

У летапісе Вялікай Айчыннай вайны ёсць поўны трагізму эпізод, які здарыўся ў другой палове сакавіка 1944 года. Звязаны ён з канцэнтрацыйным лагерам "Азарычы". Праіснаваў ён усяго толькі дзесяць дзён, тым не менш застаўся адным з самых жудасных у гісторыі Другой сусветнай вайны месцаў па ўмовах утрымання і метадах знішчэння людзей.

Азарычы – былы раённы цэнтр Даманавіцкага раёна Палескай вобласці, а цяпер – гарадскі пасёлак у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці вызвалены падраздзяленнямі 65-й арміі Беларускага фронту яшчэ 20 студзеня 1944 года ў ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі. Баі тут ішлі надзвычай жорсткія. Аб іх кровапралітнасці сведчыць той факт, што ў брацкіх магілах, якія знаходзяцца ў самім гарадскім пасёлку і прылеглых да яго населеных пунктах, пахавана звыш 2 тыс. савецкіх воінаў-вызваліцеляў.

Пасля ўзяцця Азарычаў часці 65-й арміі распачалі спробу прасунуцца далей у заходнім кірунку. Аднак на гэты раз беспаспяхова – магутным контрударам пры падтрымцы цяжкіх танкаў "Тыгр" фашысты спынілі іх націск і савецкім войскам давялося заняць свае зыходныя пазіцыі. А 30 студзеня быў аддадзены загад спыніць наступ, пачаць перагрупоўку сіл і падрыхтоўку да новага знішчальнага ўдару па пазіцыях ворага – Калінкавіцка-Мазырская наступальная аперацыя была завершана. Азарычы апынуліся на пярэднім краі савецка-германскага фронту.

Фрагмент нямецкай карты германска-савецкага фронту ў ваколiцах Вiцебска ў пачатку 1944 года
Фрагмент нямецкай карты германска-савецкага фронту ў ваколiцах Вiцебска ў пачатку 1944 года

Выбітаму з Азарычаў праціўніку давялося заняць абарончыя пазіцыі ў навакольнай лясіста-балоцістай мясцовасці, што выклікала ў нямецкага камандавання вялікую занепакоенасць. Яно разумела, што з надыходам вясны, калі талая вада запоўніць нізінныя і багністыя месцы, супрацьстаяць наступленню савецкіх войск будзе вельмі складана. І выйсце неўзабаве знайшлі.

Камандзіру 56-га танкавага корпуса нямецкай 9-й арміі, якая ўваходзіла ў групу армій "Цэнтр" (яе 129, 110 і 35-я пяхотныя дывізіі якраз і ўтрымлівалі абарону ў раёне Азарычаў), генерал-лейтэнанту Ф. Госбаху прыйшла "геніяльная ідэя": наладзіць больш выгадныя абарончыя пазіцыі за некалькі кіламетраў ад існуючых і адвесці туды войскі, а на вызваленай тэрыторыі стварыць жывы заслон з мясцовага насельніцтва. Як арганізоўваць такія "перашкоды" і Ф. Гросбах, і яго непасрэдны камандзір камандуючы 9-й арміяй генерал І. Харпе добра ведалі – неабходна абгарадзіць пэўную плошчу калючым дротам і загнаць туды людзей.

Іх "ідэя" была падтрымана "наверсе". Больш таго, істотна ўдасканалена. Паводле прапановы рэйхсарцтэфюрэра Х. Блюменталя, які займаўся распрацоўкай бактэрыялагічнай зброі, меркавалася масава заразіць вязняў створанага на пярэднім краі абароны канцлагера сыпным тыфам. Гэта павінна было ўзмацніць эфект: маўляў, савецкія салдаты не стануць асцярожнічаць пры вызваленні вязняў канцлагера і пры кантакце з імі заразяцца тыфам самі, што ў выніку пасадзейнічае прыпыненню імклівага наступлення Чырвонай арміі. Так з'явілася канцэпцыя стварэння ў месцах магчымага прарыву Чырвонай арміяй нямецкай абароны трох лагераў спецыяльнага прызначэння – каля вёсак Дзерць, Азарычы і Падасіннік. Кожны з іх уяўляў сабой размешчаную ў балоцістай мясцовасці адкрытую пляцоўку, абнесеную калючым дротам. Ніякіх пабудоў, акрамя ўсталяваных па перыметры назіральных вышак, там не было.

Як сведчаць нешматлікія дайшоўшыя да нас архіўныя дакументы, ажыццяўленне сваёй бесчалавечнай ідэі фашысты пачалі ў канцы лютага 1944 года. У бліжэйшых населеных пунктах яны праводзілі аблавы і ўсіх працаздольных жыхароў накіроўвалі на будаўніцтва Азарыцкіх лагераў смерці. Калі ж неабходная "інфраструктура" была створана, фашысты тут жа пачалі яе засяленне. Афіцыйна лічыцца, што адбылося гэта 10 сакавіка 1944 года. За калючым дротам апынуліся як непасрэдна будаўнікі лагера, так і жанчыны, старыя, дзеці з бліжэйшых вёсак. Адначасова фабрыка смерці папаўнялася і іншымі вязнямі, пра якіх фашысты "паклапаціліся" загадзя. Ёсць звесткі, што яшчэ ў 1942 годзе пад націскам наступаючай Чырвонай арміі нямецкія войскі этапіравалі перад сабой цывільнае насельніцтва са Смаленскай, Бранскай і Арлоўскай абласцей, а затым і ўсходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Іх планавалі выкарыстаць пры вострай неабходнасці ў якасці жывога шчыта. Але ўрэшце ім было наканавана яшчэ больш суровае выпрабаванне.

Пад адкрытым небам

На тэрыторыі Азарыцкіх лагераў смерці, як ужо згадвалася, зусім не было пабудоў, і вязні, якіх, паводле афіцыйных даных, налічвалася больш за 50 тыс. чалавек, знаходзіліся пад адкрытым небам. А між тым, як вынікае з успамінаў былога начальніка медыцынскай службы 65-й арміі Беларускага фронту генерал-маёра У. Калодкіна, "за время пребывания в этих лагерях температурные колебания воздуха составляли от 0° до –15°, выпадал снег, дожди сменялись морозами. Женщины, имевшие детей, собирали их на ночь в группы по 15–20 человек, укрывали, чем могли, и, не отходя от них все ночи, оберегали от холодной смерти. Питались же, если это можно так назвать, тем, что женщины сумели спрятать и держать при себе: зернами ржи, пшеницы, проса, мукой, а также мхом, найденными на болоте ягодами клюквы. Узникам запрещалось разводить костры не только ночью, но и днем. Правда, иногда провизию – замешенный на опилках хлеб – доставляли и немцы". Не было там і прыбіральняў. У выніку снег уперамешку з адходамі чалавечай жыццядзейнасці ператварыўся ў суцэльнае месіва, а ўвесь бруд у час адлігі сцякаў у нізінныя балоцістыя часткі тэрыторыі лагераў, адкуль вязні вымушаны былі чэрпаць ваду, каб прамачыць горла. Днём і ноччу з вартавых вышак за імі сачылі нямецкія салдаты. Калі хто-небудзь набліжаўся да калючага дроту, ахоўнікі стралялі без папярэджання. Больш за тое, непасрэдна на самой агароджы былі ўсталяваны гранаты-расцяжкі, якія даволі часта спрацоўвалі ў начны час пры спробе ўцёкаў зняволеных. Таму ўздоўж ахоўнай агароджы ляжала шмат целаў забітых, і іх ніхто не прыбіраў. Вялікая смяротнасць была і ўнутры лагера. Як успамінаў былы вязень канцлагера М. Гірыловіч, "в одну из ночей прошел обильный снегопад, а утром глазам представилось очень много снежных холмиков. Мы догадались, что это были умершие...". Гэтыя трупы немцы таксама не імкнуліся пахаваць. Зрэшты, гэта быў адзін з тактычных хадоў акупантаў. Бо галоўнай іх задачай было як мага шырэй распаўсюдзіць сярод вязняў сыпны тыф, які хутчэй перадаваўся ва ўмовах вялікай шчыльнасці людзей. Акрамя таго, фашысты вырашылі выпрабаваць у Азарычах і свае апошнія распрацоўкі ў галіне бактэрыялагічнай зброі. Паводле шматлікіх сведчанняў вязняў, у адзін з дзён над лагерам праляцеў самалёт, пасля чаго на снезе засталося мноства жоўта-бурых плям, а людзі пачалі яшчэ больш хварэць.

Фрагмент дыярамы ў Музеi памяцi ахвяр Азарыцкага лагера смерцi
Фрагмент дыярамы ў Музеi памяцi ахвяр Азарыцкага лагера смерцi

А вось як згадваў пра гэта ў сваёй кнізе "В походах и боях" камандуючы 65-й арміяй генерал-лейтэнант П. Батаў: "На правом фланге противник не предпринимал больше активных действий. Но здесь свирепствовал другой враг – сыпной тиф. Разведчики донесли комдиву, что в окрестностях, на болоте, они видели лагеря: колючая проволока, за ней на холоде, без всяких укрытий – женщины, ребята, старики. Командир дивизии Ушаков послал несколько подразделений отбить страдающих людей, пока их не постреляли фашисты. Но немецко-фашистское командование не дало приказ уничтожить заключенных. Оно ждало другого. Русские солдаты бросятся к замерзающим женщинам, обнимут детишек, и тогда поползет в ряды наступающих советских войск тифозная вошь".

Дзень вызвалення

Пасля выяўлення савецкімі разведчыкамі Азарыцкіх лагераў камандаванне 65-й арміі распрацавала план па іх вызваленні. Як сцвярджае аўтар некалькіх кніг пра канцлагер "Азарычы" і былы яго вязень А. Шкуран, па ўказанні начальніка штаба 65-й арміі генерал-маёра М. Бабкова 18 сакавіка 1944 года савецкія парламенцёры ўручылі камандаванню 110-й пяхотнай дывізіі вермахта ўльтыматум з патрабаваннем неадкладна адвесці германскія войскі з пярэдняй лініі абароны і пакінуць канцлагер у нейтральнай зоне. Савецкае камандаванне гарантавала на працягу 24 гадзін адыход германскіх войск без праследавання. А немцы толькі гэтага і чакалі – у ноч на 19 сакавіка яны адышлі на падрыхтаваную лінію абароны па рэчцы Трэмля. Ужо раніцай на тэрыторыі канцлагера з'явіліся воіны Чырвонай арміі. Падыходы да лагераў былі замініраваны, таму ваенныя патрабавалі захавання вызначанага парадку паводзін вязняў. Няўвага да іх прыводзіла да трагічных наступстваў: амаль 140 чалавек падарваліся на мінах.

На дапамогу зняволеным было накіравана прыблізна 2 тыс. салдат. Яны дапамагалі выходзіць за тэрыторыю лагераў, выносілі знясіленых дзяцей і дарослых. У агульнай колькасці з трох лагераў было вызвалена каля 33,5 тыс. чалавек, у тым ліку 16 тыс. дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў. Афіцыйна лічыцца, што ў Азарыцкіх лагерах смерці загінула звыш 20 тыс. чалавек.

Першыя хвiлiны вызвалення вязняў канцлагера "Азарычы". Сакавiк 1944 года. Архiўнае фота
Першыя хвiлiны вызвалення вязняў канцлагера "Азарычы". Сакавiк 1944 года. Архiўнае фота

У канцы сакавіка 1944 года ў Азарычах пабываў і народны паэт Беларусі Якуб Колас. Свае ўражанні ён ад¬люстраваў у нарысе "Лагерь смерти", які быў апублікаваны ў газеце "Известия" 19 красавіка таго ж года і стаў адным з першых дакументальна-мастацкіх твораў пра масавае знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі мірнага насельніцтва ў Беларусі.

"Безлесное моховое болото. Оно занимает гектаров 40–45. Снег еще полностью не растаял на нем, но между кочек уже проступают целые заводи. Неприветливо свисает над ним холодное мартовское небо, подернутое облаками. Сырой, пронизывающий ветер, обильный мокрый снегопад проносятся над болотом. Оттепель сменяется морозами. Болото находится в зоне двустороннего обстрела. Оно обнесено колючей проволокой и густо заминировано со всех сторон. В этот холодный ад согнали немецкие душегубы несколько десятков тысяч мирного белорусского населения, ограбленного в пути, голодного, плохо одетого и обутого", – такімі словамі пачынае свой твор народны паэт і затым дзеліцца асабістымі ўражаннямі ад убачанага: "Никогда в жизни я не встречал такого количества и в таком виде изможденных людей. Они поистине прошли крестный путь, путь невыразимых мук и невообразимого издевательства. Эти люди – жертвы гитлеровских палачей и убийц. Это – сыны и дочери белорусского народа, немощные старики, женщины и дети. Для них устроили немецкие изверги чудовищный лагерь смерти в районе местечка Озаричи Полесской области.

Нельзя без содрогания сердца слушать рассказы людей, побывавших в когтях немецких хищников и освобожденных из их неволи. Жители разных областей и районов Белоруссии – Гомельской, Могилевской и Полесской – рассказывают об одном и том же – о неслыханной жестокости, об издевательствах гитлеровских палачей. Рассказы их искренни, правдивы. В каждом их слове звучит глубокое страдание. Пережитое в пути к лагерю и в самом лагере глубоко вонзилось в психику страдальцев, наложило тяжелый отпечаток боли. Были случаи, когда люди не выдерживали ужасов нравственных и физических пыток и сходили с ума".

Савецкія воіны-вызваліцелі, якія падаспелі ў Азарычы, ужо ведалі, з кім і з чым маюць справу. "Медицинский отдел армии немедленно оценил обстановку и определил направления основных усилий медицинской службы: ликвидация эпидемии сыпного тифа среди лиц, освобожденных из лагерей; ограждение войск от заноса сыпного тифа; спасение жизней населения, освобожденного из концентрационных лагерей, – чытаем успаміны У. Калодкіна. – Военный совет армии, озабоченный эпидобстановкой... принял постановление "О мероприятиях по обработке и эвакуации гражданского населения, освобожденного из немецких концентрационных лагерей". Этим постановлением предусматривалось выделение войск для помощи населению и несению карантинной службы, транспорта для эвакуации, необходимых сил и средств медслужбы, продовольствия, вещевого имущества. Утверждена карантинная зона, определена очередность проведения намеченных мероприятий. Из армейского запасного полка выделен сводный батальон численностью 536 человек. После выполнения основных работ... часть личного состава была возвращена в полк, а оставшиеся 327 человек несли службу оцепления по рубежу р. Ипа и железнодорожной линии Шатилки – Калинковичи. Охраняя карантинную зону. Всего в оказании медицинской помощи и проведении противоэпидемических мероприятий среди населения, освобожденного из лагерей, привлекалось более 3000 человек личного состава армии".

У наваколлі Азарычаў было разгорнута 25 палявых шпіталяў. Тысячы жыццяў удалося захаваць дзякуючы пеніцыліну – гэта быў адзін з першых выпадкаў выкарыстання савецкай медыцынай антыбіётыкаў. Але ўсё ж многія вязні назаўсёды засталіся інвалідамі: з ампутаванымі адмарожанымі нагамі і рукамі, з хранічнымі захворваннямі.

Варта таксама зазначыць, што сярод салдат Чырвонай арміі, якія вызвалялі вязняў, усё ж успыхнуў тыф. Аднак эпідэмія не дасягнула маштабаў, на якія разлічвалі нямецкія стратэгі. Як сцвярджае У. Калодкін, "около 8 проц. из этих лиц, несмотря на предупредительные меры, заразилось сыпным тифом". У вёсцы Старыя Навасёлкі Калінкавіцкага раёна, дзе дыслацыраваліся два шпіталі, ёсць брацкая магіла. У ёй пахаваны 230 воінаў. Як сцвярджаецца ў гісторыка-дакументальнай кнізе "Памяць. Калінкавіцкі раён", большая частка іх якраз і памерла ад сыпнога тыфу.

І ўсё ж задума ворага па стварэнні на шляху наступаючай Чырвонай арміі жывога шчыта ў поўнай меры не спрацавала. Па гарачых слядах Ваеннай пракуратурай 65-й арміі было праведзена расследаванне злачынстваў, учыненых нацыстамі ў Азарыцкіх лагерах смерці. Яго матэрыялы затым былі перададзены Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Яны разглядаліся і на пасяджэнні Міжнароднага ваеннага трыбунала № 1, які праходзіў у Нюрнбергу з 20 лістапада 1945 па 1 кастрычніка 1946 года. Памочнік галоўнага абвінаваўцы ад СССР Л. Смірноў тады заявіў: "Созданием концентрационных лагерей у переднего края обороны с размещением в них здоровых и сыпнотифозных больных немецкие военные власти пытались преднамеренно распространить эпидемию сыпного тифа среди советского населения и частей Красной армии, что является грубейшим нарушением законов и обычаев ведения войны, признанных цивилизованными народами". У 1946–1947 гадах і ў Беларусі прайшоў шэраг судовых працэсаў над нямецкімі ваеннымі злачынцамі, абвінавачанымі ва ўчыненых у Азарыцкіх лагерах смерці злачынствах. І іх спасцігла расплата. Рашэннем Беларускага ваеннага трыбунала камандзір нямецкай 35-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант І. Рыхерт, генерал-маёр паліцыі і брыгадэнфюрэр СС Г. Эбергард і іншыя – усяго 18 чалавек – былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання праз павешанне. Яшчэ дзясяткі нацыстаў атрымалі працяглыя тэрміны зняволення і адбывалі іх у савецкіх папраўча-працоўных лагерах.

Мемарыял на месцы Азарыцкага лагера смерцi
Мемарыял на месцы Азарыцкага лагера смерцi

У 1965 годзе на месцы Азарыцкага лагера смерці ўзведзены мемарыяльны комплекс. А 26 чэрвеня 2004 года, напярэдадні 60-годдзя вызвалення Беларусі, быў адкрыты Музей памяці ахвяр Азарыцкага лагера смерці. У ім сабраны архіўныя матэрыялы, дакументы, успаміны вязняў, іх фатаграфіі, асабістыя рэчы. Кожны год 19 сакавіка – у дзень вызвалення канцлагера – у Азарычах праходзяць памятныя жалобныя мерапрыемствы.

Сяргей ЖОЛУД

Новости рубрики Общество
Топ-новости
Свежие новости Беларуси