ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Четверг, 27 июня 2024
Минск Ясно +24°C
Все новости
Все новости
Общество
28 июня 2023, 14:25

Магчыма, гэтыя факты занадта жорсткая, але... Як і чаму трэба размаўляць пра вайну?

Заўсёды сімвалічнай "птушачкай" адзначаю для сябе гэты дзень. Не, не чакаю яго. Навошта прыспешваць час, і так занадта імклівы і парывісты. Не вяду зваротны адлік, не рыхтуюся асаблівым чынам, не настройваюся. Але штораз 22 чэрвеня - як невялікі душэўны землятрус, як маланка, што працінае наскрозь, да самай тваёй чалавечай сутнасці. Як машына часу, што пераносіць на дзесяцігоддзі назад, у тую сонную нядзельную раніцу 1941-га…

Гэта пакутліва складана і хутчэй за ўсё немагчыма для сучасніка - уявіць і хоць крышачку, хаця б адной стрункай душы адчуць тыя роспач і неўразуменне безабаронных, мірных людзей, на чые галовы з яснага чэрвеньскага неба сыпаліся бомбы. І шалёна раўлі на брыючым палёце "месершміты", бязлітасна расстрэльваючы на пыльнай дарозе жанчын з дзецьмі, што ратаваліся ад бяды і невядомасці. Ніводзін самы праўдзівы фільм ці сумленная і таленавітая кніга не перадасць дарэшты ўвесь трагізм пачатку і першых дзён вайны, калі ап'янёнае пахам чалавечай крыві фашысцкае звяр'ё жорстка нішчыла стваральнае жыццё і нашу будучыню.

Вораг, які прайшоў пераможным маршам па Еўропе, жорстка пралічыўся, яго дабілі ва ўласным логаве. Толькі здарыцца гэта праз тысячы ваенных дзён і начэй, замешаных на трагедыі чалавечых лёсаў і неверагоднай мужнасці, драматызме кожнай пражытай гадзіны і бясконцай веры ў блізкую перамогу. А тады гэта быў толькі пачатак чагосьці невядомага, але зразумелага да адчаю ў адным. У тым, што будучыня непрадказальная, грозная і жахлівая…

Генеральная пракуратура Беларусі робіць сёння вельмі патрэбную і важную для грамадства - не толькі нашага, мо нават сусветнага - справу, расследуючы факты аб генацыдзе беларускага народа. Страшна ад аднаго ўсведамлення, што знаходзяцца ўсё новыя і новыя пацвярджэнні гітлераўскіх злачынстваў на роднай зямлі. Яны шакуюць нават праз дзясяткі гадоў, бо невыносныя ў сваёй бесчалавечнасці і нянавісці да роду людскога. Стыне кроў, сціскаюцца далоні ў кулакі: за што, дзеля чаго знішчалі нашых продкаў, якія жылі сабе ціха і нікога не чапалі, не квапіліся на чужое?

Устаноўлены дзясяткі раней невядомых населеных пунктаў, якія спалілі фашысты і іх памагатыя, а таксама месцаў масавага пахавання. Знойдзена шмат дакументаў, зафіксаваны сведчанні людзей, якія бачылі жахі ваеннага часу на свае вочы. Вельмі слушна, што ўся гэта інфармацыя не збірае пыл у шматлікіх тамах крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, а знаходзіцца ў адкрытым доступе на электронных рэсурсах, у экспазіцыях краязнаўчых музеяў. Абсалютна кожны можа з ёй азнаёміцца.

Перакананы, гэта трэба абавязкова ведаць, разумець і памятаць усім пакаленням, якім суджана нарадзіцца і жыць тут, на Беларусі. Бо мы ўжо добра ўсведамляем, навучаныя горкім вопытам: не бывае ў гісторыі так, каб не паўтарылася тое агіднае і бесчалавечнае, калі з нашай гістарычнай памяці раптам знікне разуменне яго злавеснай сутнасці.

На мой погляд, у гэтым кантэксце падзеі пачатку і першых дзён вайны, калі раз'юшаны вораг не лічыўся абсалютна ні з чым, не падзяляў для сябе вайскоўцаў і мірных жыхароў, застаюцца яшчэ белай плямай у айчыннай гісторыі. Між тым даведацца ўсю праўду да драбніц надзвычай важна. Магчыма, яна занадта суровая і жорсткая для нашай распешчанай добраўпарадкаваным жыццём свядомасці, але яе трэба прыняць такой, якая ёсць. Так, гэта наш вялікі нацыянальны боль, але ён гаючы, бо яшчэ раз прымушае задумацца пра каштоўнасць мірнага жыцця і што рабіць, каб не паўтарылася зло. Як і пра тое, што не павінна быць невядомых ахвяр і герояў вайны - у гэтым найперш бачыцца абавязак нашчадкаў-сучаснікаў перад памяццю тых, хто згарэў у бязлітасным агні Вялікай Айчыннай. "Гэта трэба - не мёртвым, гэта трэба - жывым" - на ўсе часы і эпохі знакамітыя словы Роберта Раждзественскага, ці не так?

Прайшло ўжо 82 гады з таго памятнага для кожнага беларуса дня. Часам лаўлю сябе на думцы: як успрымаюць яго і ўвогуле трагізм вайны сучасныя дзеці і моладзь, ці разумеюць яны глыбіню ўсяго таго, што перажылі нашы прадзеды? Звесткі сацыялагічных даследаванняў быццам бы абнадзейваюць, але пытанні ўсё ж пакуль ёсць. І яны не да дзяржавы, бо ў краіне апошнім часам нямала робіцца, каб патрыятычнае выхаванне мела не дэкларатыўны, а пераканаўчы, рэальны і канкрэтны змест, абапіралася на гістарычную праўду. Дзеля гэтага створаны Музей памяці ахвяр беларускага народа ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" і Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Існуе яшчэ шмат дзяржаўных і грамадскіх ініцыятыў. Іх галоўная мэта - захаваць сімвалічную эстафету памяці пра ахвяр нацызму і веліч перамогі нашага народа над карычневай чумой.

Мне падаецца, надышоў час па-сапраўднаму далучыцца да гэтай справы дзяржаўнай важнасці бацькам, настаўнікам, кіраўнікам прадпрыемстваў і г. д. Словам, усім, хто так ці інакш уплывае на светапогляд юнага пакалення, чыім словам давяраюць маладыя людзі. Без напісання планаў і справаздач - па-чалавечы проста, шчыра, з душою. Памятаеце, як у серыяле "Сваты" Іван Будзько дзейнічаў? Лекцый не чытаў, а, пабачыўшы, што ўнукі наконт ваенных падзей "плаваюць", сабраў усю сям'ю ды завёз у музей.

…Другі раз дату 22 чэрвеня Беларусь адзначыла як Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Людзі застылі ў агульнанацыянальнай хвіліне маўчання. Смутак і памяць у краіне, якая жыве мірнай стваральнай працай і апантана верыць у сваю шчаслівую будучыню.

| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка", фота БЕЛТА.

Чытайце таксама:

Что такое холокост на самом деле и почему он начался еще до войны? Рассказывает историк

Какую ошибку совершили немцы ночью 22 июня во время обстрела Брестской крепости?

Три письма, которые перевернули жизнь. Что стало с сестрой Зинаиды Портновой?

Новости рубрики Общество
Топ-новости
Свежие новости Беларуси