ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Понедельник, 23 декабря 2024
Минск-Уручье -2°C
Все новости
Все новости
Общество
22 сентября 2023, 17:29

Кажуць, Камарын узялі хітрасцю? Што родніць падзеі 1939 і 1943 гадоў

БЕЛТА да Дня народнага адзінства падрыхтавала фотавыставу "Беларусь суверэнная". Першымі яе ўбачылі ўдзельнікі маштабнага форуму патрыятычных сіл, які ўжо традыцыйна адбыўся 17 верасня ў "Мінск-Арэне". Што ж там цікавага, у гэтай выставе?

На першы погляд, нічога экстраардынарнага. На здымках родная Беларусь. Звычайная, не прыхарошаная, не прыдуманая. Такой мы яе, сваю Радзіму, ведаем - сучаснай, моцнай, працавітай, якая ўпарта і насуперак злой волі імкнецца пабудаваць сваё шчасце. Найноўшая яе гісторыя - асаблівы і паказальны адрэзак часу, за які нашчадкі калісьці абавязкова скажуць дзякуй. Бо ёсць за што. Дзякуючы палітычнай волі і несумненнаму лідарскаму таленту кіраўніка дзяржавы, працалюбству беларусаў, якое закладзена ў генах, краіна здолела не толькі дбайна скарыстацца савецкай спадчынай, але і ўпэўнена пачувае сябе ў XXI стагоддзі. Ведае, што робіць і куды рухаецца.

Вось такія думкі навеяла выстава "Беларусь суверэнная". І яшчэ адна выснова, да якой яна падштурхнула. Найбольшага свайго росквіту і раскрыцця магчымасцей, значных дасягненняў ва ўсіх сферах жыцця наша краіна дасягнула, калі стала суверэннай і незалежнай дзяржавай, а нас, яе грамадзян, згуртавала і аб'яднала ідэя стваральнага і мірнага жыцця на роднай зямлі. Мяркую, вучоныя-эканамісты нават маглі б па гадах пераканаўча абгрунтаваць, як уплывае адзінства народа ў самым шырокім разуменні на сацыяльна-эканамічнае развіццё. Прасцей кажучы, на дабрабыт і якасць жыцця людзей.

Як вядома, беларусы не заўсёды мелі тое, што ў іх ёсць цяпер і чым яны па праве ганарацца. Занадта пакручастай склалася наша гісторыя, у ёй шмат пераломных падзей. Але дзве даты - 17 верасня 1939-га і 23 верасня 1943 года - стаяць у адмысловым шэрагу. Чаму мы згадваем пра іх разам, спытаеце?

У сённяшніх рэаліях Дзень народнага адзінства, які адсылае нас да падзей 1939 года, выглядае не толькі як дзяржаўнае свята, але і як сімвал мірнага і стваральнага жыцця, якое магчыма толькі пры згодзе і еднасці, як адно цэлае грамадства на чале з мудрым і моцным нацыянальным лідарам. Доказ таму - сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і дасягненні, паляпшэнне дабрабыту народа пасля ўз'яднання, у пасляваенны час і асабліва ў апошнія тры дзесяцігоддзі.

Падзеі верасня 1943-га, калі пачалося вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, у гэтым сэнсе, нягледзечы на розныя гістарычныя перадумовы і акалічнасці, таксама сведчаць пра спрадвечнае імкненне нашага народа жыць адной сям'ёй, жаданне ствараць на сваёй зямлі ў міры, еднасці і паразуменні. Пасля вызвалення ў родны край вяртаюцца з эвакуацыі, з прымусовых работ у Германіі, урэшце салдаты пасля Перамогі - усе, каго вайна раскідала па свеце. Народ зноў аб'ядноўваецца на сваёй Радзіме, каб ладзіць жыццё паводле ўласнага разумення.

Сярэдзіна 1930-х гадоў. Хата селяніна-бедняка ў ваколіцах Глыбоччыны, якая да верасня 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы
Сярэдзіна 1930-х гадоў. Хата селяніна-бедняка ў ваколіцах Глыбоччыны, якая да верасня 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы

"Новай доляй узыходзіць зара"

Як было "за Польшчай", упершыню даведаўся з "Сірочага хлеба" Янкі Брыля. Лёс вясковага хлапчука Даніка з Заходняй Беларусі мяне ўзрушыў незвычайна. Здольны да навукі малы ніяк не можа змірыцца з тым, што ў школе прымушаюць вучыцца на чужой мове, кпяць з яго беднасці і што беларусы на сваёй зямлі пачуваюцца людзьмі другога гатунку. Прачытаўшы аповесць, я пачаў распытваць сваю бабулю, як жылі тут, на Гродзеншчыне, "пад панамі". З яе аповедаў на ўсё жыццё ўрэзалася ў памяць адно - нялюдскае стаўленне да карэнных жыхароў з боку "сапраўдных" палякаў, асабліва тых, хто меў хоць нейкую ўладу над людзьмі. Лічылі за быдла, рабочую скаціну. Пры гэтым мясцоваму насельніцтву настойліва ўбівалі ў галовы, што яны таксама палякі, толькі сапсаваныя, але гэта можна паправіць.

- Беларускія землі і народ аказаліся падзеленыя на дзве часткі ў выніку Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе, - расказвае вядомы гісторык, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч. - Першапрычынай жа была польска-савецкая вайна, якая пачалася пад лозунгам адраджэння польскай дзяржавы ў межах 1772 года: палякі намагаліся далучыць фактычна ўсю Беларусь, большую частку Украіны. Па сутнасці ўрэшце тэрыторыя Беларусі стала разменнай манетай. Немалую ролю ў гэтым адыграў той факт, што Варшава мела на той час ваенны кантроль над яе заходняй часткай, якая і апынулася ў складзе Польшчы.

1939 год. Прадстаўнік савецкай ўлады на вызваленай тэрыторыі віншуе сялян з атрыманнем зямлі, якая раней належала пану
1939 год. Прадстаўнік савецкай ўлады на вызваленай тэрыторыі віншуе сялян з атрыманнем зямлі, якая раней належала пану

Мяжу правялі па жывым, без уліку этнічнага прынцыпу, як прадугледжвалася паводле Рыжскай дамовы. Гэта стала жахлівай трагедыяй для беларускага народа і мела катастрафічныя наступствы. Амаль палова насельніцтва і тэрыторыі апынуліся ў чужой дзяржаве. Аказаліся раз'яднаныя нават сем'і, але на такія "дробязі" ўвагі ніхто не звяртаў.

- На далучаных тэрыторыях актыўна ішла паланізацыя. Але, нягледзячы на ўсялякія спробы варшаўскага ўрада асіміляваць мясцовае насельніцтва, у большасці сваёй тутэйшыя людзі не лічылі сябе палякамі, не ўспрымалі новую ўладу як сваю, - працягвае Вячаслаў Даніловіч. - Відаць, ад бяссілля напрыканцы 1930-х узнікла ідэя "перакроіць" заходніх беларусаў, перасяліўшы іх у цэнтральную частку Польшчы, а частку насельніцтва адтуль - на ўсход. Добра, што гэтым планам не суджана было спраўдзіцца, дзякуючы ў тым ліку восеньскім падзеям 1939 года.

Народны сход Заходняй Беларусі напрыканцы кастрычніка 1939 года ў Беластоку заканадаўча замацаваў уваходжанне тэрыторый Заходняй Беларусі ў склад БССР
Народны сход Заходняй Беларусі напрыканцы кастрычніка 1939 года ў Беластоку заканадаўча замацаваў уваходжанне тэрыторый Заходняй Беларусі ў склад БССР

Са шматлікіх дакументальных крыніц вядома, што пра сацыяльна-эканамічнае развіццё захопленых тэрыторый, якія абазначылі як "крэсы ўсходнія", польскі ўрад не надта клапаціўся, пры гэтым няшчадна вынішчаліся любыя праявы нацыянальнай ідэнтычнасці. У сярэдзіне 1930-х нават польскія палітыкі і эканамісты з розных лагераў вымушаны былі прызнаць відавочнае: ёсць дзве Польшчы. Адна - гэта заходнія і цэнтральныя ваяводствы, дзе развівалася прамысловасць і ўкладваўся капітал, а ўзровень жыцця тут быў у два-тры разы вышэйшы, і "крэсы ўсходнія", сыравінны і працоўны прыдатак, не больш за тое. Насельніцтва, у асноўным вясковае, жыло ў галечы, пад пастаянным маральным прыгнётам. Гэта быў рэгіён, з якога выціскалі ўсе сокі, а ў яго развіццё ўкладваліся па мінімуму.

- Можна ўпэўнена сказаць так: пакуль на ўсходзе беларусы будавалі сваю нацыянальную дзяржаву, на захадзе яны не былі раўнапраўнымі ні ў нацыянальным, ні ў культурным, ні ў эканамічным, ні ў палітычным жыцці, - заўважае наш эксперт.

Гісторыкі схіляюцца да думкі, што вызваленчы паход Чырвонай арміі, які пачаўся 17 верасня 1939 года і прывёў да ўз'яднання беларускага народа, стаў адначасова доўгачаканай і неспадзяванай падзеяй для насельніцтва Заходняй Беларусі. Не забываем, што нападам Германіі на Польшчу 1 верасня пачалася Другая сусветная вайна. Усё паказвала на тое, што марудзіць нельга.

- Польскі ўрад ужо выехаў за мяжу. Дзе-нідзе яшчэ працягвалася супраціўленне польскіх вайсковых фарміраванняў, але германскія войскі хутка прасоўваліся на ўсход, - расказвае Вячаслаў Даніловіч. - Можна было чакаць чаго заўгодна. А тут гісторыя дала шанец народу ўз'яднацца ў адзінай беларускай дзяржаве.

Гэта быў лёсавырашальны гістарычны момант. Пасля 18 гадоў "пад панамі" насельнікі Заходняй Беларусі ў большасці сваёй сустракалі чырвонаармейцаў-вызваліцеляў як родных. Людзі смяяліся, плакалі ад радасці, віншавалі адно аднаго з доўгачаканай свабодай. Пра гэта сведчаць шматлікія дакументальныя крыніцы. "Новай доляй узыходзіць зара", - радасна пісаў Якуб Колас, вітаючы ўз'яднанне беларускага народа. Ён быў удзельнікам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку, які напрыканцы кастрычніка 1939 года заканадаўча замацаваў уваходжанне тэрыторый Заходняй Беларусі ў склад БССР.

Ужо тады ў паветры лунала перасцярога, што Гітлер не спыніцца на Польшчы і пойдзе далей на ўсход, але радасць ад уз'яднання беларусаў у адну сям'ю перакрывала, здаецца, усе трывогі.

Наперадзе яшчэ былі амаль два мірныя гады. На вызваленай ад польскага прыгнёту беларускай зямлі жыццё віравала. Значныя станоўчыя зрухі адбываліся найперш у сацыяльнай сферы. Разам, дружнай талакою на роднай зямлі людзі ладзілі сваё новае, светлае жыццё.

"І слоў маіх, і песень мала"

Калі хто раптам наважыцца адправіцца ў падарожжа з поўначы на поўдзень нашай краіны, то найлепей выбраць для старту Гарадок на Віцебшчыне, дзе нядаўна адшумеў XXX Дзень беларускага пісьменства. Фінішаваць жа будзе правільна на Гомельшчыне, у Камарыне Брагінскага раёна. Гэты населены пункт самы паўднёвы ў Беларусі.

Цяперашні Камарын - аграгарадок у статусе гарадскога пасёлка. Пасля вайны быў звычайнай вёскай і… цэнтрам раёна. Гарпасёлкам ён стаў у 1959 годзе. Да горада так і не дарос. Ды і не імкнуўся: праз тры гады Камарынскі раён скасавалі і далучылі да Брагінскага. Дылема быць ці не быць Камарыну горадам знікла сама сабой. Ён так і застаўся невялікім паселішчам. Толькі за гады змяніўся непазнавальна і сёння выглядае прывабным, прыгожым і добраўпарадкаваным, камфортным ва ўсіх адносінах прыдняпроўскім мястэчкам. Такіх дзясяткі, калі не сотні, на Беларусі.

І ўсё ж непрыкметны Камарын займае асаблівае месца ў гісторыі нашай краіны, у яе слаўным гераічным летапісе. Гэта першы населены пункт і райцэнтр Беларусі, які 23 верасня 1943 года савецкія войскі вызвалілі ад фашысцкіх акупантаў. Гісторыкі настойваюць, што нельга недаацэньваць важнасць і значэнне моманту. Нездарма, як толькі Чырвоная армія ўвайшла ў Камарын, Саўінфармбюро аб'явіла пра паспяховае наступленне ў гомельскім напрамку і пачатак вызвалення Беларусі. Гэта выклікала велізарны патрыятычны ўздым у рэгулярнай арміі, партызанскіх фарміраваннях і сярод мясцовага насельніцтва, якое марыла як мага хутчэй пазбавіцца ад акупантаў.

Аляксей Літвін
Аляксей Літвін

- Вызваленне Камарына адбылося падчас Чарнігаўска-Прыпяцкай наступальнай аперацыі, якую 26 жніўня - 30 верасня 1943 года праводзілі войскі Цэнтральнага фронту (неўзабаве яго перайменавалі ў Беларускі) пад камандаваннем генерала арміі К.К. Ракасоўскага, - расказвае загадчык Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН доктар гістарычных навук Аляксей Літвін. - Была цяжкая і кровапралітная пераправа цераз Днепр. Нездарма нямецкае камандаванне лічыла раку галоўнай перашкодай для савецкіх войскаў. Уявіце сабе: байцы плылі на плытах і рыбацкіх чоўнах, на спадручных сродках, а з умацаванага правага берага немцы па іх вялі бесперапынны агонь, іх расстрэльвала варожая артылерыя і бамбілі самалёты. Страты асабовага саставу былі вялікія.

- Кажуць, Камарын узялі хітрасцю?

- Першымі раку фарсіравалі штурмавыя батальёны 360-га стралковага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Мікалая Сташака. Гэта быў таленавіты камандзір, вопытны, які ўжо фарсіраваў Дзясну, - гаворыць прафесар Літвін. - Адзін батальён ён адправіў на поўнач, каб адцягнуць увагу немцаў, а два - на поўдзень, адкуль была асноўная атака. Гэта стала нечаканасцю для ворага. Немцы з боем у спешцы адступілі да Брагіна, і 23 верасня ў Камарын увайшлі нашы войскі.

За мужнасць і гераізм падпалкоўніку Мікалаю Сташаку 16 кастрычніка 1943 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза
За мужнасць і гераізм падпалкоўніку Мікалаю Сташаку 16 кастрычніка 1943 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза

Цікава, што пасёлак не трапіў у зводкі Саўінфармбюро. Гэта досыць дзіўна для таго часу, калі назву кожнага населенага пункта ў пераліку вызваленых успрымалі як радасную навіну, як яшчэ адзін крок да перамогі.

- Больш за тое, Камарын не згадвае ў сваіх успамінах Канстанцін Ракасоўскі, - інтрыгуе Аляксей Літвін. - Справа вось у чым. Калі паглядзець на карту, то з Чарнігава Чырвоная армія зайшла ў трохвугольнік Дняпра і Прыпяці, дзе можна было зрабіць кацёл. Таму Масква не афішыравала вызваленне першага раённага цэнтра ў Беларусі.

Нам, сучаснікам, цяжка нават уявіць, якой жорсткай і кровапралітнай, бязлітаснай была бітва за Днепр, з якой пачалося вызваленне Беларусі. Толькі ў брацкай магіле, што знаходзіцца побач з цэнтральнай плошчай Камарына, ляжаць 957 чалавек, якія загінулі пры вызваленні пасёлка і суседніх вёсак, сярод іх шэсць Герояў Савецкага Саюза. А колькі іх, слаўных і бясстрашных воінаў-вызваліцеляў, навечна прытуліла дняпроўская вада!

- Несумненна, гісторыя вызвалення Камарына - гэта найперш шматлікія прыклады мужнасці і самаахвярнасці байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, - гаворыць Аляксей Літвін.

На алеі Славы ў пасёлку, па якой штодня крочаць вучні мясцовай школы, партрэты 20 чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне Дняпра ў раёне Камарына.

- Трэба адзначыць, што з пачаткам вызвалення Беларусі пачалося непасрэднае тактычнае ўзаемадзеянне Чырвонай арміі і партызан, - адзначае прафесар Літвін. - Цэнтрам каардынацыі, планавання і выкарыстання партызанскіх сіл сталі ваенна-аператыўныя групы пры франтах. Пры вызваленні Камарына мясцовыя народныя мсціўцы дапамагалі зачышчаць плацдарм для пераправы. Ці згадаем магутны "Канцэрт" увосень 1943 года - другі этап рэйкавай вайны, красамоўны прыклад аператыўна-тактычнага ўзаемадзеяння партызан з часцямі Чырвонай арміі пры вызваленні Беларусі. Гэта мела працяг у далейшых аперацыях у студзені - лютым і летам 1944 года.

…23 верасня ў Камарыне часта прыпадае на залаты час "бабінага" лета. У гэты дзень штогод жыхары аграгарадка і шматлікія госці, якія прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з краін СНД, ідуць з кветкамі да брацкай магілы і алеі Славы, да манумента воінам-вызваліцелям на беразе Дняпра. Каб яшчэ раз удзячным словам згадаць герояў Вялікай Айчыннай, пакланіцца іх светлай памяці. "І слоў маіх, і песень мала", - пісаў некалі Якуб Колас, выказваючы сваё захапленне гераізмам чырвонаармейцаў і камандзіраў, што вызвалялі Беларусь. Праз восем дзясяткаў гадоў гэтыя словы гучаць асабліва кранальна і актуальна, яны ў сэрцы кожнага беларуса.

Менавіта ў Камарыне сёлета дадзены старт юбілейным мерапрыемствам, што прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, якое ў краіне шырока адзначаць у 2024 годзе.

"Беларуская думка" плануе ў хуткім часе сабраць за круглым сталом экспертаў і вучоных, каб пагаварыць пра тое, якім быў шлях да выгнання ворага з роднай зямлі, пра малавядомыя факты бітвы за Беларусь.

Замест эпілога

- Гісторыя вучыць, што любыя цяжкасці і складанасці грамадства зможа пераадолець, калі большасць народа адзіная і цэніць тое, што жыве ў суверэннай дзяржаве, - гаворыць кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч. - Самае вялікае наша дасягненне - вырашаць самім, з кім мы будзем у саюзе, якім шляхам развіваць краіну, нашу дзяржаву і не падпарадкоўвацца нейкім указанням звонку.

Незалежнасць вельмі і вельмі дорага каштуе. Пра гэта гаворыць наш Прэзідэнт, і я з ім цалкам салідарны: жывём у адзінстве - значыць захаваем свой суверэнітэт, будзем развівацца і прымнажаць тое, што маем.

| Ігар ГАНЧАРУК, часопіс "Беларуская думка", фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА, з архіва БЕЛТА і адкрытых крыніц.

Чытайце таксама:

Там, дзе Лані выток. Наведалі адну з гаспадарак Нясвіжскага раёна, і вось што пабачылі

Тры сустрэчы, якія перавярнулі жыццё. Кароткія замалёўкі пра сапраўдных герояў

Магчыма, гэтыя факты занадта жорсткая, але... Як і чаму трэба размаўляць пра вайну?

Топ-новости
Свежие новости Беларуси