Безумоўным шэдэўрам творчасці славутага паэта стала Carmen de statura, feritate, ac venatione Bisontis, што ў беларускім перакладзе вядома пад назвай "Песня пра зубра". Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту аўтара паэма ператварылася ў гімн Бацькаўшчыне. Твору наканавана доўгае жыццё, вялікая слава і ўвага даследчыкаў і прыхільнікаў. "Ускаласі маё першае семя на добрае племя" - так аўтар сфармуляваў мэту творчасці, якой, безумоўна, дасягнуў.
Беларуская "Іліяда"
Мікола Гусоўскі нарадзіўся каля 1480 года, ён - найбуйнейшы паэт Вялікага княства Літоўскага эпохі Адраджэння. Аб ім самім вядома няшмат, галоўным чынам тое, што аўтар паведаміў у прадмове да сваёй эпічнай паэмы "Песня пра зубра", хаця сучасныя даследчыкі спрабуюць рэканструяваць біяграфію Гусоўскага на аснове захаваных архіўных матэрыялаў. "Песню пра зубра" можна назваць вяршыняй творчасці паэта.
Ён быў прыдворным біскупа Полацка Эразма Цыялёка, якога і суправаджаў у 1521-м у яго пасольскай місіі да Папы Рымскага Льва Х. Мікалай Радзівіл, віленскі ваявода, меркаваў накіраваць у падарунак Льву X пудзіла зубра, у сувязі з гэтым Гусоўскі павінен быў напісаць літаратурны дадатак да яго.
Гэты дзіўна прыгожы эпічны твор напоўнены любоўю да роднай прыроды, свайго народа. Галоўным героем паэмы з'яўляецца Зубр - жывёла моцная, разумная і высакародная. За простым сюжэтам - паляванне на зубра - раскрываюцца панарамныя карціны гісторыі, духоўнага развіцця, жыцця і побыту жыхароў гэтага краю. Гісторыкі літаратуры ставяць "Песню пра зубра" ў адзін рад з "Іліядай" Гамера, "Словам пра паход Ігаравы", "Боскай камедыяй" Дантэ, "Панам Тадэвушам" Міцкевіча.
Са шчырай адданасцю справе
Нядаўна пайшоў з жыцця вядомы беларускі вучоны Пётр Карака, які вывучаў творчасць Міколы Гусоўскага.
- Доктар філасофскіх навук, прафесар, заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Пётр Сямёнавіч Карака шмат пісаў пра прадстаўнікоў навукі, добра ведаў мастацкую літаратуру, сачыў за новымі выданнямі, - кажа доктар сацыялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі загадчык кафедры сацыялогіі БДУ Аляксандр Данілаў. - Дарэчы, сёння, калі мы адзначаем 500-годдзе з дня першага выдання "Песні пра зубра", трэба нагадаць, што Пётр Карака быў адным з даследчыкаў творчасці паэта. У сваім артыкуле "Прырода і чалавек у творчасці М. Гусоўскага" ён раскрыў асаблівасці мастацкага спасціжэння і апісання прыроды Беларусі аўтарам, змест яго эстэтычнай канцэпцыі прыроды і сутнасць абгрунтаванай ім мадэлі разумных узаемаадносін чалавека і прыроды. Як дакладна адзначае прафесар, менавіта захаванне прыродных умоў жыцця беларускага народу як асаблівага этнасу, яго культуры і духоўнасці - асноўная тэма паэмы.
Сам Пётр Карака шкадаваў, што ў сучаснай навучальнай літаратуры, якая тычыцца гісторыі Беларусі, гісторыі філасофскай і гуманістычнай думкі, беларускай мастацкай літаратуры такая ідэя не праглядваецца і не асвятляецца. Таму адукацыйны і выхаваўчы патэнцыялы паэмы Гусоўскага выкарыстоўваюцца не ў поўнай меры.
- Ім створана арыгінальная мадэль разумных узаемаадносін чалавека і прыроды. У ёй знайшлі адлюстраванне многія каштоўнасныя аспекты навакольнага асяроддзя, патрыятычныя, маральныя і прававыя гледжанні чалавека як фактары яго стаўлення да прыроды. Гэта мадэль адпавядае тым навуковым і ідэйным пошукам, якія ажыццяўляюцца і ў нашы дні ў сувязі з абвастрэннем экалагічных праблем. Гусоўскі быў адным з першых, хто ўбачыў магчымыя прычыны іх зараджэння і выказаў слушныя меркаванні адносна дзеяння людзей ва ўсталяванні разумных узаемаадносін з прыродай. Усё гэта і абумоўлівае цікавасць да яго творчасці. Але нельга не бачыць і таго, што ім паказаны магчымасці мастацкай літаратуры ў апісанні прыроды, якія складваюцца з негатыўных формаў адносін да яе чалавека. Вось чаму асаблівасці мастацкага зразумення і апісання роднага краю Гусоўскага з'яўляюцца прыкладам і для сучасных пісьменнікаў і паэтаў Беларусі.
Знаете, что такое экслибрис? Узнали, сколько он стоит и кто коллекционирует эти гравюры
...У канцы твора аўтар прасіў Дзеву Марыю заступіцца за родную зямлю ў цяжкі час. І даваў наказ будучым дзяржаўным мужам:
"Каб паслядоўнік, стырна не ўпускаючы ўлады,
Нашую зброю скрыжоўваў са зброяй варожай.
Толькі за праўду, са шчырай адданасцю справе
Мужа дзяржаўнага вёў каравелу дзяржавы праз хаос і праз штормы жахлівага часу!"
Што навеяла Песня мастакам
Да сюжэту паэмы і вобразаў аўтара "Песні пра зубра" неаднойчы звярталіся знакамітыя беларускія мастакі, у іх ліку - Арлен Кашкурэвіч, Міхаіл Басалыга, Барыс Забораў, Уладзімір Савіч. Выданні з іх ілюстрацыямі і асобныя аўтарскія эстампы экспануюцца на выставе, якая некалькі дзён таму адкрылася ў галерэі "Атрыум" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 500-годдзя з часу першага выдання літаратурнага шэдэўра.
У экспазіцыі прадстаўлены вядомы пераклад паэмы на беларускую мову Язэпа Семяжона, а таксама пераклады на розныя мовы свету. Прываблівае ўвагу шыкоўнае юбілейнае выданне "Песні пра зубра" на лацінскай, беларускай і рускай мовах, надрукаванае ў 1980-м да 500-годдзя з дня нараджэння Міколы Гусоўскага.
Сваім уражаннем і поглядам на твор як значную падзею ў гісторыі беларускай культуры дзеляцца сталыя мастакі Усевалад Свентахоўскі, Андрэй Васілеўскі, Станіслаў Сугінтас, Міхаіл Шыкаў, Дар'я Шыкава, Лізавета Пастушэнка і іншыя.
- Пераасэнсаванні ўзнёслай эпічнай песні пра радзіму і народ прадстаўлены ў лічбавым і высокім друку, жывапісе, графіцы, у каліграфіі, у жанрах партрэта, сюжэтных кампазіцыях, - расказала загадчыца сектара мастацкіх выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вікторыя Харытонава. - У работах мастакоў паўстаюць вынікі эксперыментаў па стварэнні і аднаўленні шрыфтавых напісанняў, інтэрпрэтацыі тытульнага ліста і кампазіцыі на падставе ўзораў старонак паэмы. У экспазіцыі - цытаты з твора, радкі, перакладзеныя на кітайскую мову, а таксама маляўнічае адлюстраванне сюжэтных перапетый, адметных вобразаў, багатыя хараством беларускай прыроды пейзажы. Уладар беларускіх пушчаў зубр, падрабязна і дэталёва апісаны ў паэме, успрымаецца і ў экспазіцыі як алегарычны велічны вобраз роднага краю, сімвал роднай зямлі. Літаратурна-мастацкая выстава да юбілею "Песні пра зубра" захапляе, натхняе на творчы водгук, заахвочвае ўзгадаць і перачытаць старонкі паэмы. Таксама дае магчымасць здзейсніць падарожжа на паўтысячагоддзе таму і скласці ўласнае ўяўленне аб велічы і скарбах продкаў сучасных беларусаў.
Нагадваем, што экспазіцыя будзе працаваць да 27 чэрвеня. Уваход на яе па чытацкім білеце або пропуску сацыякультурнага цэнтра.
| Алена МІКАЛАЕВА, газета "Беларуская думка", фатаграфіі аўтара.
ПЕРЕПЕЧАТКА ДАННОГО МАТЕРИАЛА (ПОЛНОСТЬЮ ИЛИ ЧАСТИЧНО) ИЛИ ИНОЕ ЕГО ИСПОЛЬЗОВАНИЕ ЗАПРЕЩЕНЫ
Чытайце таксама:
На заре карьеры ему светил волчий билет. Почему художника Щемелева долго не признавали?
Откуда в Беларуси столько курганов и о чем они могут поведать? Рассказывает историк
"Очень хочу найти…" Почему студенты, далекие от археологии, едут на раскопки?