У апошнія майскія дні 1940 года ў сталіцы СССР высадзіўся амаль паўтаратысячны дэсант беларускіх артыстаў. Два тэатры, тры аркестры, пяць хароў, чатыры ансамблі песні і танца - прафесіяналы і самадзейнасць, рэжысёры, кампазітары, мастакі, пісьменнікі... Бадай, усе творчыя сілы, што меліся ў БССР, "кінулі" на Маскву, на Дэкаду беларускага мастацтва.
Беларусы не першыя здавалі гэты найважнейшы іспыт і добра ведалі, што патрэбна для выдатнай адзнакі. Найперш - оперы, нацыянальныя па форме і сацыялістычныя паводле зместу, пабудаваныя на мясцовым фальклоры. Дзве, тры, а можна і чатыры. Кажуць, гэтага патрабаваў сам "правадыр народаў".
"Цікавасць Сталіна да класічнай музыкі была непадробнай, - сведчыў савецкі музыказнаўца Саламон Волкаў. - Ён слухаў яе часта і з бачнай асалодай. Гэта былі ў першую чаргу рускія оперы і балеты - Чайкоўскі, Глінка, Барадзін, Рымскі-Корсакаў, у меншай ступені Мусаргскі".
Балет
- таксама пажаданы жанр на дэкадзе. А вось драматычных спектакляў раней не
прывозіў ніхто. Ні Украіна, якая першая ў сакавіку 1936 года прадставіла
масквічам сваё нацыянальнае мастацтва, ні Казахстан, Грузія, Узбекістан,
Азербайджан, Кіргізія і Арменія. Беларусы спрабавалі першымі і ў пэўным сэнсе
пашкадавалі. Сталін драмтэатр праігнараваў, наведаў толькі оперу і балет, аднак
усе ўдзельнікі так ці іначай атрымалі ўзнагароды.
Анатоль Багатыроў (за
раялем) знаёміць калег са сваёй операй "У пушчах Палесся". 1938 год
Абавязковасць оперы дыктавалася не толькі асабістымі густамі правадыра, але і тагачаснымі ўяўленнямі пра "развітыя" і "неразвітыя" народы. Опера лічылася вяршыняй сацрэалістычнага канона, а авалоданне ёю - сведчаннем высокага развіцця нацыі. Як пісала ў маі 1937 года газета "Правда", ні ў якой іншай краіне оперны тэатр не быў прадметам такой увагі і клопату, як у нас. Пад кіраўніцтвам нашай партыі вырасла савецкае опернае мастацтва, выраслі савецкія оперныя кампазітары.
Вось чаму ўсё культурнае будаўніцтва ў БССР у 1930-х гадах было падпарадкавана ідэі стварэння нацыянальнай оперы, і на дэкаду ў Маскву беларусы прывезлі тры новыя, з іголачкі, оперныя творы.
Оперы для Сталіна
Падрыхтоўка да дэкады пачалася ў 1934 годзе з таго, што… замарозілі будаўніцтва велізарнага пралеткультаўскага дома на Траецкай гары, дзе мусіў размясціцца малады оперны тэатр. Апрача тэатральнай залы, там планаваўся фізкультурны цэнтр, рабочыя сталоўкі і нават дрэваапрацоўчы цэх.
Перад архітэктарамі паставілі новую задачу: стварыць менавіта тэатр з камфортнымі рэпетыцыйнымі памяшканнямі, з агромністай механізаванай сцэнай (не меншай, чым у Маскве!), дзе можна было б рыхтаваць спектаклі да дэкады. Так паўстаў знаёмы нам будынак Вялікага тэатра оперы і балета, які спраектаваў Іосіф Лангбард.
Калектыў
на той час ужо існаваў і быў гатовы працаваць над нацыянальнымі спектаклямі. З
1930 года ён назапасіў багаты рэпертуар і выканальніцкі досвед. Аднак
беларускую оперу трэба было спачатку напісаць. Нацыянальная кампазітарская школа
толькі-толькі нараджалася і складалася па большасці з самавукаў, якія жылі
далёка ад беларускай сталіцы. Намаганнямі рэспубліканскага кіраўніцтва ў 1934
годзе ў Мінск пераехаў сціплы бабруйскі настаўнік Яўген Цікоцкі, у якога ў
партфелі ўжо мелася сімфонія, і кіраўнік гомельскіх аматарскіх хароў Аляксей
Туранкоў.
Напярэдадні дэкады да
артыстаў оперы завітала музыказнаўца Лідзія Мухарынская (у цэнтры ў акулярах).
1940 год
За год да таго беларускія ўлады робяць яшчэ адзін ход канём і запрашаюць у Белдзяржкансерваторыю аўтарытэтнага прафесара кампазіцыі Васіля Залатарова. Ён выкладаў у Свярдлоўску і прывёз з сабой таленавітых вучняў: кіяўляніна Міхаіла Крошнера, уральцаў Пятра Падкавырава і Анатоля Папова. У Мінску да іх далучыўся 20-гадовы віцяблянін Анатоль Багатыроў. Менавіта ён стварыў адну з трох першых беларускіх опер, а Крошнер - першы нацыянальны балет.
У 1936 годзе літаральна ўсе, хто больш-менш валодаў кампазітарскім рамяством, атрымалі ўрадавую замову: напісаць оперу на беларускі сюжэт. Перавага аддавалася рамантыцы і героіцы, з абавязковым паказам цяжкага сялянскага побыту і апорай на вясковы фальклор. У ліку лібрэтыстаў - паэты Пятрусь Броўка і Пётр Глебка, драматург Яўген Рамановіч. Таленавітыя, але цалкам недасведчаныя ў галіне оперных лібрэта.
Часу катастрафічна не хапала. Паводле задумкі рэспубліканскага кіраўніцтва, Вялікі тэатр мусіў адкрыцца 7 лістапада 1937 года прэм’ерай першай беларускай оперы. Якой? Няважна. Хто з кампазітараў першы паспее. Каб укласціся ў тэрмін, трэба было не пазней як у ліпені скончыць будоўлю і прыступіць да рэпетыцый.
Начальства спяшалася, бо ўкраінская дэкада ў Маскве прайшла, на падыходзе былі казахская, грузінская і ўзбекская. Аднак ні ўлетку, ні ўвосень будоўлю не завяршылі, і ніводная партытура не была гатова. Кампазітары наракалі на паэтаў, тыя - на стваральнікаў музыкі. "Літаратура і мастацтва" 27 кастрычніка 1937 года панікуе: "…па сённяшні дзень не вырашана пытанне канструкцыі партала сцэны". Кіраўніцтву БССР не заставалася нічога іншага, як замяніць каманду, якая адказвала за падрыхтоўку да дэкады. Дырэктарам опернага тэатра стаў былы дырэктар кансерваторыі Аскар Гантман. Кіраўніком БДТ-1, які таксама рыхтаваўся да паездкі ў Маскву, прызначылі маладую і энергічную Фаню Алер.
Начальнікам
упраўлення па справах мастацтваў стаў ураджэнец вёскі Падблонь 29-гадовы Абрам
Азірскі. Яму ўдалося перанесці адкрыццё Вялікага тэатра на 10 сакавіка 1939
года, калі мусіў распачацца XVIII з’езд ВКП(б). У сувязі з чым тэрмін дэкады
таксама пераносіўся, аднак іншага выйсця не было.
Адкрыццё дэкады стала
галоўнай навіной для беларускіх газет
Напярэдадні новага 1939 года будоўля Вялікага тэатра нарэшце завяршылася, і ўрачыстае пасяджэнне ў гонар 20-годдзя БССР упершыню адбылося ў прыгожай тэатральнай зале. Першы сакратар ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймон Панамарэнка коратка абмаляваў становішча на оперных франтах: "Таварышам Цікоцкім напісана беларуская опера „Міхась Падгорны“. Таварышам Багатыровым напісана беларуская опера „Дрыгва“, прынятая да пастаноўкі не толькі ў БССР, але і ў тэатрах брацкіх нацыянальных рэспублік. Таварыш Туранкоў працуе над стварэннем оперы аб памежніках".
"Упершыню сродкамі опернага мастацтва мы пакажам пакуты беларускага народа пад ярмом царызму".
Такім чынам, вызначыліся тры спектаклі-фаварыты, якія паедуць на дэкаду. Хаця пра памежнікаў Туранкоў так і не напісаў, а стварыў цудоўную фальклорную оперу "Кветка шчасця", якая найбольш падабалася Іосіфу Сталіну. Затое Яўген Цікоцкі святкаваў перамогу: яго "Міхась Падгорны" стаў першым! Галоўную жаночую ролю ў спектаклі выконвала народная артыстка БССР Ларыса Александроўская, якую яшчэ да дэкады добра ведалі ў Маскве. Як прадстаўніца беларускага народа яна выступала з прамовамі на з’ездах ВКП(б), давала канцэрты для дэпутатаў і членаў урада. Спявачка высока ацаніла саму ідэю оперы: "Упершыню сродкамі опернага мастацтва мы пакажам пакуты беларускага народа пад ярмом царызму, яго пратэст супраць гвалту і самавольства і тое, як беларускі народ з дапамогай вялікага рускага народа пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі зрынуў векавы прыгнёт, заваяваў права на новае, шчаслівае жыццё".
Чытайце таксама:
Вы знали, что эта техника родом из Византии? Монахиня показала, как пишут иконы
Он не любил оттенков - ни в творчестве, ни в жизни. Красное и черное Мая Данцига
Тайны "Минск. 3 июля 1944 года": кто парень на мотоцикле и где была картина 30 лет?
Зрэшты,
прэм’ера "Міхася Падгорнага" прайшла не так шчасна, як мроілася
Цікоцкаму. Праз тры тыдні - 3 красавіка 1939 года - "Советская Белоруссия"
апублікавала рэцэнзію Браніслава Смольскага, які наўпрост напісаў, што
недахопаў у оперы пакуль яшчэ вельмі шмат, занадта павольна і млява
разгортваюцца падзеі, адсутнічае дынаміка. Крытык слушна ўказваў на
бясколернасць вобразаў, аднатыпнасць масавых сцэн, залішнюю мітуслівасць.
Аргвысновы наступілі імгненна: оперу перапісаць, пастаноўшчыка замяніць!
На дэкаднай афішы не было
канкрэтных дат, а яе арнаментальная рамка па форме паўтарае партал сцэны
Вялікага тэатра БССР
Тым часам "Дрыгву" Багатырова паставілі ў Кіеве, балет Крошнера "Салавей" - у Адэсе. Абкаталі, выправілі хібы. На гэтым фоне 28 чэрвеня 1939 года "Советская Белоруссия" апублікавала вялізны артыкул "Годна падрыхтавацца да дэкады беларускага мастацтва". Ананімны аўтар - магчыма, нават першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка - жорстка раскрытыкаваў нядбайнасць чыноўнікаў. Ён пісаў, што начальнік упраўлення таварыш Азірскі, адказныя работнікі Упраўлення слаба накіроўваюць і кантралююць усю працу па падрыхтоўцы да дэкады. Пераробка шматлікіх спектакляў толькі што пачалася. Многія кампазітары, драматургі, якія працуюць над дэкаднымі спектаклямі, не атрымліваюць ад Упраўлення па справах мастацтваў належнай дапамогі, ім не створаны неабходныя ўмовы для плённай працы.
Праз тыдзень, 9 ліпеня, сабралася ўрадавая камісія па падрыхтоўцы да дэкады. Яе старшыня - кіраўнік Саўнаркама БССР Кузьма Кісялёў - даваў перуноў у бок яе арганізатараў, кампазітараў, драматургаў і паэтаў. У выніку 24 жніўня адбылося ўрадавае праслухоўванне оперы Багатырова "Дрыгва". Прысутнічалі Панцеляймон Панамарэнка, старшыня Вярхоўнага Савета Надзея Грэкава, сакратар ЦК КП(б)Б Уладзімір Малін. Яны дазволілі беларускую прэм’еру, якая прайшла з заўважным поспехам.
Гэты сезон быў для тэатра вельмі знамянальным і выключна важным. Ён праходзіў пад знакам падрыхтоўкі да паказу беларускага савецкага мастацтва ў Маскве на дэкадзе ў пачатку 1940 года. Усё гэта накладала на працаўнікоў тэатра выключна вялікую палітычную адказнасць. Пра гэта паведамляў 20 жніўня 1939 года ў "Советской Белоруссии" дырэктар Аскар Гантман.
У верасні тэатр паказаў першы беларускі балет "Салавей" у пастаноўцы выдатнага ленінградскага танцоўшчыка Аляксея Ермалаева. Публіка была ў захапленні ад народных танцаў і чароўнай атмасферы балета. Наступная прэм’ера - "Кветка шчасця" - адбылася ў лістападзе. Гантман пісаў, што музычная мова Туранкова з’яўляецца па-сапраўднаму народнай, і таму цяжка сказаць, дзе ў гэтай оперы народная музыка, а дзе музыка Туранкова. Гэта адначасова і галоўная вартасць, і галоўны недахоп спектакля, аднак у Маскве ён карыстаўся вялікім поспехам.
Нарэшце
паказалі другую версію "Дрыгвы" - пад назвай "У пушчах Палесся".
Замест Льва Літвінава, які яшчэ праславіцца пастаноўкай "Паўлінкі",
рэжысуру даручылі маскоўскаму прафесіяналу Паўлу Златагораву. Ён узначальваў
рэжысёрскі цэх Вялікага тэатра аж да вайны.
Легендарны дырэктар БДТ-1 Фаня Алер. 1940-я
гады
Вяселле ў Вялікім тэатры СССР
Пасля завяршэння працы над спектаклямі Тэатр оперы і балета быў гатовы і мог хоць заўтра ехаць на дэкаду. Аднак трэба было падрыхтаваць заключны канцэрт. Задача вельмі няпростая і адказная, бо такія мерапрыемствы звычайна наведваў сам таварыш Сталін.
Галоўная цяжкасць заключалася ў тым, каб сабраць у адзінай мастацкай прасторы розныя жанры і калектывы: ад народнай песні і танца да сімфанічна-харавой кантаты. Гэту справу даручылі новастворанай Дзяржаўнай філармоніі.
Савет народных камісараў БССР 28 верасня 1936 года прыняў пастанову "Аб сетцы ўстаноў Упраўлення па справах мастацтваў". Асобным радком - даручэнне "арганізаваць сёлета Беларускую дзяржаўную філармонію ў складзе дзяржаўнага хору, сімфанічнага аркестра і аркестра народных інструментаў. Неабходныя новыя мерапрыемствы па Беларускай дзяржаўнай філармоніі завярстаць па народнагаспадарчым плане на 1937 год".
Пастанову выканалі, аднак праблемы толькі пачыналіся.
"Асноўным з’яўляецца кіраўніцтва і фінансаванне".
Па-першае, сцэнарый. Яшчэ ў кастрычніку 1938-га рэжысёры прапанавалі свае ідэі. У Нацыянальным архіве Беларусі захаваўся план заслужанага артыста БССР Л.М. Літвінава. Дэкады нацыянальных мастацтваў, якія прайшлі ў Маскве паперадзе беларускай дэкады, заканчваліся звычайнымі па форме канцэртамі, якія складаліся з выступаў ансамбляў і салістаў, пісаў ён. Канцэрт Беларускай філармоніі павінен уяўляць незвычайнае па форме і строга тэматычнае па змесце прадстаўленне, якое раскрывае ў шэрагу разнастайных выступленняў названыя вышэй тэмы, якія аб’ядноўваюць канцэрт у адзінае відовішча, лічыў артыст. Дзеля гэтага, акрамя грамадзянскай, чырвонаармейскай і дзіцячай самадзейнасці, Літвінаў прапанаваў прыцягнуць Інстытут фізкультуры і дзясятак духавых аркестраў.
Паводле задумкі заслужанага артыста, фінальны канцэрт павінен пачынацца амаль… кінематаграфічна. Музыка шырыцца і з’яўляюцца з розных кутоў сцэны групы народа - калгаснікі з вёсак у касцюмах розных мясцовасцяў Беларусі, збягаюць па ўзгорку дзеці, падплывае параход і сыходзяць групы працоўных і інтэлігенцыі, на конях прыязджаюць чырвонаармейцы, іхнія жонкі, маршам выходзяць фізкультурнікі, падыходзіць цягнік і з яго высыпаюць людзі. Прыязджаюць на веласіпедах…
Дачытаўшы
да слова "параход", Азірскі раздражнёна кінуў паперу на стол і ўзяў
трубку тэлефона. Званіў у Вялікі тэатр Саюза ССР: ратуйце, выручайце!
Сцэны са спектакляў:
(1)(3) "Міхась Падгорны", Міхась - В. Лапін, Марыся - Л.
Александроўская; (2) "У пушчах Палесся", Кузьміч - М. Дзянісаў. 1939
год
На дапамогу прыбыў важны і чапурысты балетмайстар Касьян Галяйзоўскі. Яго праект распачынаўся зусім у іншай танальнасці: асноўным з’яўляецца кіраўніцтва і фінансаванне. Неабходнасць у абсалютным аўтарытэце, у прыняцці рашэнняў, пазбяганні інстанцый і затрымак фінансавання патрабуе, каб агульнае кіраўніцтва і распараджэнне крэдытамі належала Начальніку Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР. Пра гэта чытаем у архіўным дакуменце.
Азірскаму такі падыход вельмі спадабаўся. Тым болей што маскоўскі госць прапанаваў сціслы і дакладны каляндарны план: да 1 красавіка 1939 года адабраць канцэртныя нумары і выканаўцаў, да 1 чэрвеня канчаткова іх адшліфаваць і прыступіць да зводных рэпетыцый, а са жніўня - да генеральных.
Насамрэч, на пасяджэнні ўрадавай камісіі па падрыхтоўцы да дэкады 9 ліпеня 1939 года Кузьма Кісялёў абураўся мастацкай самадзейнасцю: "Які калектыў будзе ўдзельнічаць у канцэрце? Што ён будзе выконваць? Гэта яшчэ не вядома".
Страшэнна перапалоханы Азірскі адшукаў ажно тры: вясковы хор Рэчыцкага раёна пад кіраўніцтвам калгасніцы Лапацінай, зводны танцавальны калектыў Хойніцкай МТС, леспрамгаса "Праца" і саўгаса "Перамога сацыялізму" Хойніцкага раёна пад кіраўніцтвам балетмайстра Ліневіча і хор вёскі Вялікае Падлессе Баранавіцкай вобласці, які мусіў сімвалізаваць росквіт сацыялістычнай культуры на заходніх землях уз’яднанай БССР.
Канцэрт
атрымаўся цалкам традыцыйны для таго часу, за выключэннем хіба што
стылізаванага вясельнага абраду.
Балетмайстар Аляксей
Ермалаеў (у цэнтры) з удзельнікамі спектакля "Салавей". Злева
направа: В. Залівака, Е. Уласава, Ю. Хіраска, А. Нікалаева, С. Дрэчын. 1940 год
Спачатку кантата пра Сталіна. Кампазітар, які яе напісаў, пазней зганьбіў сябе калабарацыянізмам. Потым песні, арыі, дывертысменты ў суправаджэнні сімфанічнага і народнага аркестра. Яркая знаходка - шаснаццацігадовы пераможца Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах цымбаліст Аркадзь Астрамецкі. У ліку іншых удзельнікаў канцэрта - дзеці з Мінскай музычнай школы пад кіраўніцтвам заслужанага артыста БССР Аркадзя Бяссмертнага, ансамбль песні і танца памежных войскаў НКУС СССР, дзіцячая балетная група Мінскага тэатральнага вучылішча, якая падрыхтавала эфектны і забаўны танец "Кураняты" на музыку Мусаргскага.
У канцэрце гучала шмат мелодый, якія, хоць і не народныя, у грамадскай свядомасці асацыіруюцца з нашым фальклорам. "Бульба", "Лявоніха", "Лянок" - непатапляльныя мелодыі.
"Нашы акцёры канчаткова развеялі гэты стэрэатып".
Для фіналу канцэрта Ісаак Любан напісаў песню "Бывайце здаровы" на словы беларускага паэта Адама Русака. Неўзабаве яе ведаў кожны савецкі чалавек.
Як ужо гаварылася, зусім не абавязкова (а ў пэўным сэнсе і залішне) было везці ў Маскву драматычны тэатр. Аднак БДТ-1 быў варты таго, каб яго паказаць.
Рэпертуар падбіралі вельмі ўдумліва. У конкурсе камедый перамог Кандрат Крапіва са сваёй знакамітай сатырай "Хто смяецца апошнім", у конкурсе рэвалюцыйных драм - ён жа з "Партызанамі" і смяротна хворы Эдуард Самуйлёнак з п’есай "Пагібель воўка". На жаль, ён не дажыў да прэм’еры.
Усе
тры спектаклі ставіліся практычна саматугам і ўбачылі святло рампы ў сезон
1938/39 гадоў. Толькі да пастаноўкі "Хто смяецца апошнім" прыклаў
руку МХАТаўскі рэжысёр Іосіф Раеўскі, а асноўную працу зрабіў мастацкі кіраўнік
купалаўцаў, легендарны акцёр і рэжысёр Леанід Рахленка. З рускай класікі абралі
п’есу Максіма Горкага "Апошнія", каб прадэманстраваць, што і на
беларускай мове яна гучыць дастойна. Спектакль паставілі яшчэ ў 1937-м, а да
дэкады Раеўскі яе ўдасканаліў. "Доўга мела хаджэнне варожая тэорыя пра
тое, што п’есы Горкага нібыта не сцэнічныя і на беларускай мове не будуць
гучаць", - заявіў пастаноўшчык спектакля Міхаіл Зораў. - "Але нашы
акцёры канчаткова развеялі гэты стэрэатып".
Кандрат Крапіва. Канец
1930-х - пачатак 1940-х гадоў
Дэкада падштурхнула развіццё не толькі тэатра, але і беларускага выяўленчага мастацтва. Найперш зрабілі рэвізію таго, што ёсць. Сабралі ўсе скарбы: ад шэдэўраў старажытнага прыкладнога мастацтва да твораў Гіацынта Альхімовіча, Якава Кругера і Юдэля Пэна - у першым у Беларусі мастацкім музеі. Паводле рашэння ЦК КП(б)Б, фонд экспанатаў карціннай галерэі будзе "створаны шляхам перадачы ёй усіх карцін і скульптур, якія захоўваюцца ў музеях БССР і іншых ведамстваў. У музеях застануцца толькі экспанаты музейнага характару". Пра гэта паведамляла 10 студзеня 1939 года "Советская Белоруссия".
Праз два тыдні ў Мінску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя. Яе ўзначаліў кераміст Мікалай Міхалап. Разам з экспертамі ён вызначыў тысячу экспанатаў для дэкаднай экспазіцыі. Сучаснае мастацтва рэспублікі прадстаўлялі 30 сучасных палотнаў і скульптур, якія дэманстраваліся на рэспубліканскай выставе "Ленін і Сталін - арганізатары беларускай дзяржаўнасці". Дэкада пазнаёміла саюзнага гледача з творчасцю Міхаіла Керзіна, Заіра Азгура, Яўгена Зайцава, Монаса Манасзона.
Масква талентам… верыць
Няўмольна набліжалася дэкада. Азірскі і яго падначаленыя ўсё глыбей "закопваліся" ў неадкладныя справы. Іх назбіралася цэлая прорва. Мноства людзей і тоны дэкарацый трэба было даставіць у Маскву. Удзельнікаў мала таго, што трэба было размясціць як след, дык яшчэ і забяспечыць іх узорныя паводзіны. А гэта была тая яшчэ задача!
Аднак выйсце знайшлі. Усіх 600 удзельнікаў заключнага канцэрта, у тым ліку дзяцей і самадзейных артыстаў, часова ўключылі ў штат філармоніі. Кожны калектыў падзялілі на брыгады па 8-14 чалавек на чале з брыгадзірам. З’явіліся палітрукі, якія займаліся ўсімі арганізацыйнымі і бытавымі пытаннямі. Мастацкія кіраўнікі адказвалі выключна за творчасць. Аналагічную сістэму ўкаранілі і ў тэатрах.
Брыгадамі засялялі і ў гасцініцы: народных і заслужаных - у "Маскву", звычайных артыстаў - у "Еўропу" і "Новамаскоўскую", масоўку і персанал - у інтэрнаты.
У Нацыянальным архіве Беларусі захаваўся падрабязны план
падрыхтоўкі да дэкады ў Маскве, які склала Упраўленне па справах мастацтваў пры
Саўнаркаме БССР. Ён ахоплівае перыяд з канца красавіка
да апошніх дзён мая 1940 года. У плане - неверагодная колькасць мерапрыемстваў.
Тут і інструктыўная нарада палітрукоў, і гутаркі ў брыгадах, і камсамольскі
сход з парадкам дня "Аб задачах камсамольскай арганізацыі ў правядзенні
дэкады", і канферэнцыя рэдактараў насценных газет, і сустрэча тэатральнай
моладзі з кіраўніцтвам ЦК ЛКСМБ.
Цымбаліст Аркадзь
Астрамецкі. 1940-я гады
Асаблівая ўвага надавалася бытавому абслугоўванню ўдзельнікаў дэкады. Кампазітараў, рэжысёраў, драматургаў належала прыстойна апрануць, каб не сорамна было выходзіць на паклоны. Дзень і ноч працавалі ў тэатрах пашывачныя цэхі, дагаджаючы густам капрызных кліентаў. Папярэдзіўшы, што гэта за свае грошы, пісьменнікам выдалі тканіну са складоў БДТ-1.
Асаблівы клопат - асвятленню дэкады ў рэспубліканскім і мясцовым друку. Азірскі загадзя распісаў, хто, калі і якую інфармацыю будзе даваць і ў якіх газетах яе надрукуюць. Асноўная нагрузка лягла на карэспандэнтаў БЕЛТА. Да іх падключыліся вядомыя беларускія і расійскія журналісты, а таксама акцёры, пісьменнікі, музыканты: Іван Дзяржынскі, Дзмітрый Кабалеўскі, Мікалай Галаванаў, Леа Гінзбург, Барыс Вінаградаў, Канстанцін Мулер, Яфім Садоўскі, Антон Сегедзі.
Першы магутны інфармацыйны залп прагрымеў 27 мая 1940 года - у дзень ад’езду Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета ў Маскву. Гэтай падзеі добрую палову нумара прысвяціла "Советская Белоруссия". На першай паласе - тэлеграма з Вялікага тэатра Саюза ССР за подпісам галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка народнага артыста СССР Самуіла Самасуда, народных артыстаў СССР Аляксандра Пірагова, Марка Рэйзена, Ксеніі Дзяржынскай і іншых оперных зорак: "Чакаем вас, дарагія сябры! Дэкада беларускага мастацтва ў Маскве паслужыць яшчэ больш моцнаму сяброўству паміж работнікамі мастацтваў, будзе садзейнічаць росквіту мастацтва, нацыянальнага па форме і сацыялістычнага па зместу. Сардэчна запрашаем!".
Крыху ніжэй на газетнай паласе - тэлеграмы ленінградскіх калег, якія літаральна некалькі дзён таму здавалі творчы іспыт на маскоўскай сцэне. "Мы ўпэўненыя ў вашым поспеху", - пісаў праслаўлены танцоўшчык Кіраўскага тэатра Вахтанг Чабукіяні. А працоўныя Мінска дасылалі свой наказ: "Спявайце натхнёна і магутна!".
Больш
як чатыры тысячы чалавек праводзілі артыстаў Вялікага тэатра БССР на чыгуначным
вакзале. Сярод іх - старшыня наркама БССР Кузьма Кісялёў, сакратар ЦК КП(б)Б
Уладзімір Малін, парторг дэкады Рыгор Эйдзінаў, сакратар Мінскага абкама КП(б)Б
Аляксандр Мацвееў. Прама на платформе адбыўся невялікі мітынг, і цягнік з 619
удзельнікамі дэкады адправіўся са сталічнага вакзала.
На выставе беларускага
мастацтва ўвагу прыцягнула вялізнае палатно Монаса Манасзона "Сустрэча
савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі". 1940 год
Не зусім зразумела, калі паехаў Першы Беларускі Дзяржаўны драматычны тэатр (гэта афіцыйная назва БДТ-1 на дэкадных афішах). Але 30 мая ён быў у Маскве. У гэты дзень абодва тэатры распачалі грамадскія прагляды, на якіх прысутнічалі мастацтвазнаўцы і крытыкі. Адначасова "Правда" і "Известия" знаёмілі маскоўскую публіку з беларускай культурай. За некалькі гадоў яна прайшла шлях ад народнай песні да оперы і сімфоніі, і гледачы мусілі гэта зразумець.
Дэкада распачалася 5 чэрвеня 1940 года. Вялікі тэатр БССР паказаў першую беларускую оперу "Міхась Падгорны", БДТ-1 - "Партызаны" Кандрата Крапівы.
Твор Цікоцкага спадабаўся распешчаным масквічам. Спектакль прайшоў з выключным уздымам, сведчыў ананімны карэспандэнт "Известий". Шумнымі апладысментамі гледачы віталі выканаўцаў галоўных роляў оперы народную артыстку БССР Л.П. Александроўскую, заслужаных артыстаў БССР В.Ф. Лапіна, І.А. Мурамцава, М.І. Дзянісава, артыстаў В.Ф. Валчанецкую, Л.М. Кцітарава.
Вялікі поспех выпаў на долю оперы Туранкова "Кветка шчасця". Яе ўшанаваў сваім візітам Іосіф Сталін. Ён сядзеў у ложы злева і ўважліва слухаў, а артысты ледзь не гублялі прытомнасць ад прысутнасці кіраўніка СССР. Спектакль трансліравалі па радыё на еўрапейскія краіны.
У гэты ж дзень, 7 чэрвеня, у павільёнах Цэнтральнага парка імя М. Горкага адкрылася беларуская мастацкая выстава. Выстраілася вялізная чарга паглядзець на слуцкія паясы. Праз два дні адбылася сустрэча маскоўскай публікі з операй "У пушчах Палесся". Крытыкі разбіралі кожны вобраз, захапляліся выдатнымі спевамі. Але галоўныя лаўры дасталіся "Салаўю". На першым прадстаўленні пабываў Сталін і вынес неабвержны вердыкт: "Добры балет!" Магчыма, з гэтай нагоды "Салавей" прайшоў ажно тры разы, а не два, як іншыя спектаклі. На жаль, аўтар гэтага дасканалага твора загінуў у 1942 годзе ў Мінскім гета…
Трыумф
выпаў і на долю камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім". "Выключны
поспех спектакля", - пісала БЕЛТА. Публіка была ў захапленні, найперш ад
ігры акцёраў.
"Кветка шчасця"
вельмі спадабалася правадыру народаў, аднак Сталінскай прэміі за яе Туранкоў не
атрымаў
Вішанькай на торце стаў заключны канцэрт 14 чэрвеня. Здавалася, сцэна Вялікага тэатра ледзь трывала ад задзірыстых беларускіх танцаў. Асабліва ўразіў публіку старажытны вясельны абрад. Сталін зноў прысутнічаў у зале і разам з усімі з задавальненнем апладзіраваў беларускім артыстам. Праз тры дні на крамлёўскім прыёме ў гонар удзельнікаў дэкады яны амаль цалкам паўтарылі гэты канцэрт. У Георгіеўскай, Уладзімірскай зале і ў Гранавітай палаце накрылі шыкоўныя сталы, гучалі здравіцы ў гонар Сталіна і Камуністычнай партыі.
Быў сярод гасцей і Абрам Барысавіч Азірскі. Ці прадчуваў ён, што дэкада так і застанецца самай яскравай падзеяй у яго жыцці? Пасля вайны ён займаў сціплую пасаду ў Томскім абкаме партыі, выкладаў у мясцовым універсітэце і, мабыць, успамінаў, як разам з паплечнікамі за некалькі гадоў вывеў беларускае мастацтва ў авангард сусветнай прафесіянальнай культуры.
Больш пашанцавала кампазітарам і іншым удзельнікам дэкады. Багатыроў, Крошнер, Цікоцкі, Туранкоў былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а Багатыроў - яшчэ і Сталінскай прэміяй другой ступені. Александроўская атрымала пачэснае званне народнай артысткі СССР, шмат яе калег сталі народнымі і заслужанымі артыстамі БССР.
У 1955 годзе адбылася Другая дэкада беларускага мастацтва ў Маскве. Але гэта ўжо зусім іншая, пасляваенная гісторыя.
| Юлія АНДРЭЕВА, часопіс "Беларуская думка". Фота з архіва БЕЛТА, Вялікага тэатра Беларусі, а таксама з адкрытых крыніц.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.