Салаўіным кутом называюць Уздзеншчыну - за яе непаўторную па прыгажосці прыроду, дзіўныя прынёманскія краявіды, багатую флору і фаўну. А яшчэ за тое, што тут жыве (ці пайшлі адсюль у вялікі свет) шмат людзей творчых прафесій: паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, артыстаў, музыкаў, якія так хораша апяваюць у сваіх творах родныя мясціны. Прапануем увазе чытачоў некалькі замалёвак пра ўраджэнцаў Уздзеншчыны, якія зрабілі важкі ўнёсак у айчыннае выяўленчае мастацтва, сваёй працай стваралі і ствараюць гімн роднай Беларусі.
Салавей з салаўінага кутка
Яшчэ недзе паўстагоддзя таму, як сцвярджаюць старажылы з вёскі Лошы, эпітэт "салаўіны" звязвалі менавіта з лашанскім краем. Некалькі гадоў жыў тут паэт Кастусь Шавель. Ён склаў шмат цудоўных вершаў пра тутэйшыя бары, спеўныя гаі, ціхую рэчку і возера. Яшчэ кажуць, што нібыта з лёгкай рукі Шавеля пасля яго знаёмства з мясцовым мастаком Іванам Салаўём і сталі называць Лошу і наваколле салаўіным кутком. А пасля ўжо гэта паэтычная назва "перайшла" на ўвесь раён.
Іван Аляксандравіч нарадзіўся ў верасні 1918 года паблізу рачулкі Лошы. Спрадвеку жылі на гэтых землях Салаўі. Бацька Аляксандр Іванавіч, 1894 года нараджэння, сустракаў у 1917 годзе з эміграцыі Леніна на Фінляндскім вакзале, а пазней стаў першым старшынёй калгаса ў суседніх Сенажатках. Маці Сафія Антонаўна таксама з простай сялянскай сям’і, у гады Вялікай Айчыннай вайны была поварам у партызанскім атрадзе. Жонка мастака Марыя Васільеўна, якую творца адлюстраваў у многіх сваіх карцінах, шмат гадоў працавала акушэркай у мясцовай бальніцы: пераважнай большасці лашанцаў дапамагла з’явіцца на свет.
З маленства маленькі Іван захапляўся прыгажосцю тутэйшых мясцін. У перапынках паміж працай на бацькоўскай сядзібе яго часта можна было бачыць з алоўкам і аркушам паперы на ўзлеску, беразе ракі, у садзе. Заўважылі здольнасці хлапчука і ў школе. Настаўнік малявання параіў яму звязаць жыццё з выяўленчым мастацтвам. Той паслухаўся: пасля школы паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Тут яго настаўнікамі сталі вядомыя ўжо ў той час не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі мастакі Іван Ахрэмчык, Леў Лейтман, Хведар Даркевіч. Атрымаўшы выдатную адукацыю, у 1938-м вяртаецца Іван Салавей у родныя мясціны, каб праслаўляць на палотнах малую радзіму да апошніх дзён свайго жыцця.
Пачатак творчага шляху перапыніла вайна. Атрымаўшы яшчэ
падчас вучобы ў Віцебску лейтэнанцкія пагоны, малады афіцэр з першых дзён у
радах унутраных войск выконвае адказныя заданні. У пасляваенны час Іван
Аляксандравіч амаль не расказваў пра гэту службу. І тэма вайны не стала асноўнай
у яго творчасці, ён напісаў усяго дзве карціны. "Я ішоў да цябе чатыры
гады": салдат-ардэнаносец вяртаецца з вайны і застае спалены немцамі дом,
у агні загінула і жонка. Сярод аблокаў выява жаночага твару, поўная смутку, але
без адчаю і роспачы… А яшчэ была карціна "Дагавор аб капітуляцыі" з
выявамі асоб, якія засведчылі паражэнне гітлераўскай Германіі.
У творчасці Івана Салаўя
ўсё натуральнае, шчырае
Іван Аляксандравіч адлюстроўваў у сваёй творчасці не заморскія берагі ды экзотыку, скажам, паўднёвага ўзбярэжжа Савецкага Саюза ці суровую прыроду Поўначы. Маляваў тое, што бачыў ён і яго землякі з дзяцінства, што акружала іх побыт, радавала вока кожнага, хто не можа быць абыякавым, назіраючы за лугавым разнатраўем, усплёскам вады ля берага ракі, восеньскім золатам лесу. Пільнае вока мастака заўважала самае дробязнае змяненне ў прыродным асяроддзі, затрымліваючыся над цікавым суседствам фарбаў, занатоўваючы ў памяці чарговую сюжэтную лінію. Добра ведаў сялянскую працу і ў сваіх карцінах паказваў яе прыгажосць. Пасьба кароў, колка дроў, зграбанне сена, уборка бульбы… Вымалёўваючы кожную нязначную на першы погляд дэталь пэўнай сюжэтнай лініі як ці не асноўную ў задумцы, Салавей менавіта на падобных і засяроджвае нашу ўвагу. Яму ўдавалася не схібіць, не падмануць вясковага сузіральніка рэальнай з’явы надуманымі вобразамі ці ўяўленнямі. Усё натуральнае, шчырае. Не гнаўся Іван Аляксандравіч, як некаторыя яго калегі, за нетрадыцыйнымі відамі выяўленчага мастацтва, моднымі заходнімі павевамі. Таму і глядзяцца як сапраўдныя гімны сялянскай працы яго карціны "На вадапоі", "Уборка ўраджаю", "На млыне", "Кірмаш ва Уздзе", "Па пуцёўцы камсамола", "Дзяўчаты" і іншыя.
Гадоў трыццаць таму я суправаджаў на машыне сваіх родзічаў з Валгаградскай вобласці з Узды да Стоўбцаў. Сям’я спыняла аўтамабіль ці не праз кожны кіламетр, каб палюбавацца бярозавай кудзеркай на ўзлеску, адзінокім дубам у полі, нашай знакамітай грабавай алеяй, залацістай карой сасновага бору, чарговай азярынай ці ручаінай.
Чытайце таксама:
Задзірыста, па-беларуску: як падзеі 85-гадовай даўніны паўплывалі на нашу культуру?
Вы знали, что эта техника родом из Византии? Монахиня показала, как пишут иконы
Он не любил оттенков - ни в творчестве, ни в жизни. Красное и черное Мая Данцига
А вось чалавек, які раней не бачыў беларускай прыроды, мог бы скласці пра яе грунтоўнае ўяўленне пасля знаёмства з карцінамі Івана Салаўя. Каля сотні карцін выйшла з-пад пэндзля мастака, і на большасці з іх - родная прырода. Гледзячы на палотны, быццам адчуваеш водар антонаўкі; заміраеш, баючыся спалохаць цішыню досвітку; цягнешся рукой да сцізорыка, бо як натуральныя сядзяць сярод травы і моху прыгажуны-баравікі; хочаш схавацца ад рагатага ўладара лесу лася, што застыў на ўзлеску; захапляешся веліччу белавежскіх зуброў і спазнаеш маляўнічыя краявіды Загоршчыны; любуешся ўскраінай роднай вёскі Баравыя і прыгадваеш купальскае паданне пра папараць-кветку.
Шкада, што нельга сабраць усё створанае мастаком у адной зале, бо быў ён чалавекам шчодрым, многія свае творы дарыў знаёмым.
У 1959 годзе Іван Аляксандравіч стаў членам Беларускага саюза мастакоў, з 1974-га ўдзельнічаў у рэспубліканскіх выстаўках. Яго пейзажы, нацюрморты, партрэты, тэматычна-сюжэтныя карціны кранаюць душу, бяруць за жывое. Здавалася б, майстэрства павінна было прынесці мастаку не толькі прызнанне, славу, але і належнае матэрыяльнае забеспячэнне. Але для гэтага, акрамя безумоўнага таленту, патрэбна яшчэ і адпаведная, кажучы сучаснай мовай, прадзюсарская падтрымка, так званая раскрутка. Творцу з вясковай глыбінкі адшукаць свайго мецэната вельмі няпроста.
Уладзімір Кучук: "Радуюць
звычайныя дробязі"
Да таго ж Салавей не з тых, хто сам сябе расхвальваў. Захавальнікамі і прапагандыстамі яго творчасці з’яўляюцца сын Рыгор Іванавіч, які шмат гадоў адпрацаваў на пасадзе галоўнага ляснічага Лашанскага лясніцтва, і нявестка Людміла Васільеўна, былая загадчыца вясковай бібліятэкі, дзе ў 1991 годзе стварылі выставачную залу Івана Аляксандравіча Салаўя. Праіснавала яна 23 гады.
Большую частку творчага жыцця мастак працаваў без ганарараў, жыў за кошт уласнай гаспадаркі. Час ад часу штосьці маляваў за невялікую аплату для калгаса, сельсавета. Партрэты знаёмых, блізкіх - вучонага-фізіка Барысевіча, фельчара Лашанскай бальніцы Паўлюкевіча, медсястры Дуброўскай і яе мужа Аляксандра - дарыў аднавяскоўцам.
Цяпер у доме сына ў Лошы знаходзіцца каля дваццаці работ мастака. Яны ўпрыгожваюць кожны пакой. А яшчэ рэпрадукцыі некалькіх дзясяткаў карцін сабраў у своеасаблівы альбом і падарыў Салаўям-нашчадкам творчы арганізатар праекта "Выток Нёмана - выток духоўнасці" Васілій Лычкоўскі з райцэнтра.
Добрай памяццю пра мастака, які памёр у красавіку 1988 года, з’яўляецца і альбом з фотаздымкамі, копіямі карцін, вершамі, успамінамі землякоў. Увесь гэты матэрыял сабрала Людміла Васільеўна Салавей.
Звычайныя дробязі
Калісьці адну са сваіх выставак у сталіцы Уладзімір Сцяпанавіч Кучук назваў так: "З крыніц тваіх не нап’юся я, дарагая мая Беларусь". Ураджэнец вёскі Чурылава доўгі час прыязджаў сюды на выхадныя ды ў водпуск, а гадоў колькі таму канчаткова перабраўся на малую радзіму.
З дзяцінства маляўнічая прырода прынёманскага краю штодзень адкладвала ў душы хлапчука пэўныя вобразы, вучыла бачыць прыгожае сярод звычайнага. Не было ў тыя гады (нарадзіўся Кучук у звычайнай вясковай сям’і ў 1949 годзе) дзіцячай школы мастацтваў. Скончыў хлопец прафтэхвучылішча, але газазваршчыкам папрацаваць не паспеў: пайшоў у армію. Пасля вячэрняй школы атрымаў выдатны атэстат, а настаўнік малявання, які выкладаў гэты прадмет адначасова з беларускай і нямецкай мовамі, ацаніў яго малюнкі так: цудоўна атрымліваецца, гэта тваё прызванне.
Неўзабаве Уладзімір Кучук стаў навучэнцам Гродзенскага культпрасветвучылішча. Скончыў яго з адзнакай, працаваў тут лабарантам. Адсюль жыццёвы шлях прывёў маладога чалавека на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Пашанцавала і з размеркаваннем - трапіў на работу мастаком-афарміцелем у адну з мінскіх устаноў. Атрымаў кватэру ў сталіцы. У гэты час ён ужо меў сям’ю. Жонкай стала чурылаўская дзяўчына Лідзія Махнач, якая працавала ў Мінску кладаўшчыцай. Тады ж Кучукі прыдбалі зямельны ўчастак у Чурылаве. За колькі гадоў уласнымі рукамі, толькі зруб дапамаглі скласці, узводзіць Уладзімір Сцяпанавіч і абсталёўвае, як патрабуе душа, утульны дом. Сюды сям’я (нарадзіліся дзве дачкі) часта прыязджае адпачыць ад гарадской мітусні.
Але нярэдка нават выхадныя дні адбірала праца. Уладзіміра Кучука запрасілі ў адзіную на той час у Мінску дзіцячую школу мастацтваў. Ёй ён аддаў звыш 30 гадоў, і толькі напярэдадні 2021-га загадчык мастацкага аддзялення ў 72-гадовым узросце вырашыў яе пакінуць, хоць і прасілі застацца. Як кажа Уладзімір Сцяпанавіч, "дапамог" вірус - ён вяртаецца да вясковай цішыні і любімага занятку.
Родныя мясціны - жыватворная крыніца натхнення
Маляваў Кучук пастаянна. Асабліва плённым выдавалася лета, калі канікулы-водпуск цягнуцца некалькі месяцаў. Паспяваў і дом, лазню, іншыя надворныя пабудовы аздабляць з мастацкім густам і маляваць, маляваць…
- Абыходзіў наваколле і па-новаму адкрываў для сябе знаёмыя з дзяцінства мясціны, - згадвае Уладзімір Сцяпанавіч. - Колькі сюжэтаў для чарговых пейзажаў знаходжу ва ўрочышчы Борык, на выгане, каля рэчкі. Раней жа Уздзянка, пакуль прырэчныя балоты асушаць не пачалі, не такой была, вясной моцна разлівалася. І звычайныя дробязі радуюць вока: вось расцвітае бэз, яркай чырванню раскідваецца рабіна, бусел па поплаве шпацыруе.
"Абыходзіў наваколле і па-новаму адкрываў для сябе знаёмыя з дзяцінства мясціны".
Як тут не згадаць паэтычны радок з верша уздзенскай паэткі Наталлі Вайцяховіч "і рамонкі цалуюць калені", іншыя яе трапныя вобразы.
Яны ж не надуманыя, а ўзятыя вось адсюль, з гэтых мясцін. Мастак упэўнены, што невыпадкова тут, у тым ліку і ў Чурылаве, нарадзілася шмат пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў.
Чурылаўскія пейзажы, нацюрморты ляглі ў аснову многіх карцін мастака. Ствараліся яны і ў горадзе, калі раз на тыдзень Кучук мог браць "творчы дзень". Потым былі персанальныя выстаўкі ў Вілейцы, у сталічным Палацы мастацтва. З асаблівым хваляваннем прывозіў свае творы на малую радзіму, каб іх маглі пабачыць землякі ў Чурылаве, Зенькавічах. Неўзабаве большасць работ Уладзіміра Сцяпанавіча, каля сарака, разам з ім назаўсёды вярнулася ў родную вёску. У гарадской кватэры пакуль гаспадарыла жонка Лідзія Іванаўна. Прасіла Уладзіміра Сцяпанавіча, каб у яе адсутнасць не надумаў высокім плотам ад вуліцы адгарадзіцца. Лічыла, што чалавек чалавека павінен бачыць, няма чаго ад суседзяў хаваць. Калі Кучукі пабудавалі шыкоўную - не па памерах, а па мастацкім аздабленні - лазню, вырашылі, што ёй могуць карыстацца і вяскоўцы. Незвычайна, амаль казачна выглядаюць і летняя майстэрня мастака, надворныя пабудовы.
- Прыгожы дом - прыгожая вёска, прывабныя раён, краіна, - разважае Уладзімір Сцяпанавіч. - У маладосці служыў я ў Германіі. Там усе дамы, вуліцы як на падбор. На падворках не крывыя цяпліцы з выкарыстаных аконных рам, не прымітыўныя лаўкі з двух слупкоў і дошкі, а штосьці цікавае, арыгінальнае. А ўжо пра фантазію ў высаджванні кветак, дэкаратыўных раслін і гаварыць няварта! У той час думаў: ці прычакаем, каб і ў нашым Чурылаве, іншых вёсках штосьці падобнае было. А цяпер тыя ж немцы могуць і ў нас штосьці пераняць - там толькі дачы з такім шыкам аздабляюць, а пастаянна жывуць у знешне невыразных дамах.
Але ўсё ж традыцыйны вясковы лад жыцця паступова неяк губляецца, а разам з ім не толькі нешта матэрыяльнае. Раней талакой важныя справы рабілі, а цяпер рэдка хто адгукнецца на просьбу ў якой дробязі дапамагчы. Як здзівілася прадавец вясковага магазіна, калі Уладзімір Сцяпанавіч без яе просьбы вапнай аздобіў фундамент гандлёвага пункта, што выглядаў не вельмі прывабна. Не шкадуючы, мастак дорыць добрым людзям і свае карціны, хаця на сталічным мастацкім рынку за іх даюць добрую цану.
""Прыгожы дом - прыгожая вёска, прывабныя раён, краіна"."
А наракае хіба толькі на тое, што пусцеюць вёскі. Новыя дачнікі здзіўляюцца: няма дзе малака ад свойскай каровы купіць. Уладзімір Сцяпанавіч не хоча далёка наперад загадваць, але ўпэўнены: на яго сядзібе будзе так, як і павінна быць у спраўнага вясковага гаспадара. І вядома ж, марыць пра персанальную выстаўку ў райцэнтры. "Я хачу жыць так, каб людзі мне не зайздросцілі, а бралі ад мяне найлепшае" - такі прынцып вясковага творцы.
Мастак з вёскі Куль
Ні сталічнае месца народзінаў, ні акадэмічная мастацкая адукацыя (скончыў Мінскае вучылішча імя А.К. Глебава, аддзяленне жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута), ні магчымасці мець пастаянныя зносіны з прадстаўнікамі высокага свету мастацтва не перашкодзілі Алесю Філіповічу перабрацца ў вёску Куль, каб тут жыць і тварыць.
Яго карціны ўпрыгожвалі не адну прэстыжную рэспубліканскую і міжнародную выстаўку, захоўваюцца ў калекцыях знаўцаў у Расіі, прыбалтыйскіх краінах, Францыі, Германіі, Англіі, ЗША. І раптам рашэнне пераехаць у сельскую мясцовасць. Не на цэнтральную сядзібу ці ў добраўпарадкаваны аграгарадок, а па сутнасці на хутар, дзе ўсяго каля дзясятка дамоў і яшчэ менш жыхароў, якія пастаянна тут жывуць.
- Гэта маміна малая радзіма, і пераехалі мы ў дом дзеда, - расказвае Алесь Міхайлавіч. - Тут я праводзіў свае дзіцячыя гады. Можна лічыць, вырас у гэтых мясцінах. Мой бацька - каваль, маці працавала бухгалтарам. Жывучы ў сталіцы, заўсёды згадваў час, калі прыязджаў сюды на канікулы. Тут маляўнічая прырода і заўсёднае неймавернае адчуванне вольнай прасторы, цішыні і свежасці. Застаўся ў памяці і мясцовы фальклорны калектыў, духавы аркестр узору шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя: дзядзька Кастусь стукае ў барабан, труба, скрыпка, дуда. Захаваўся, напэўна, адзін з першых маіх малюнкаў алеем, нават не малюнак, а эскіз (мне тады гадоў дванаццаць было): ваколіца Куля, стажок і лось бяжыць. А яшчэ - партрэт таго барабаншчыка. А маляваў я з малых гадоў.
На падворку ў Кучукоў
Да сваёй мары ішоў мэтанакіравана, крок за крокам: мастацкая школа, затым Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (цяпер дзяржаўны каледж), аддзяленне жывапісу тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў). Добра памятае, як рыхтаваўся да дыпломнай работы, якую абараніў у 1993 годзе. Камісія з выкладчыкаў прэстыжнай навучальнай установы высока ацаніла яго гістарычную карціну, на якой увасоблена бітва на рацэ Уле, што на Віцебшчыне, у 1564 годзе.
Служыў у арміі. Успрыняў гэты перыяд у жыцці як час загартоўкі характару. Першае працоўнае месца ўражвае: запрасілі выкладаць выяўленчае мастацтва ў ліцэй імя І.В. Ахрэмчыка (цяпер гімназія-каледж мастацтваў). На працягу дзесяці гадоў вучыў творцаў-пачаткоўцаў адрозніваць сапраўдную прыгажосць ад уяўнай, высокае мастацтва ад кітчавага. І сам імкнуўся развівацца ў творчасці, шліфаваў грані свайго майстэрства на шматлікіх гарадскіх і рэспубліканскіх пленэрах і выстаўках. Але першым сур’ёзным поспехам Алесь Міхайлавіч лічыць удзел у І Усесаюзнай выстаўцы маладых мастакоў, куды трапіў у 23-гадовым узросце.
Любімыя жанры творцы - нацюрморт, партрэт, гістарычная карціна. Займеў уласную майстэрню: выдзелілі невялікі пакой пры лакафарбавым заводзе. Тут гадзінамі, не зважаючы на час, шчыраваў над сваімі марамі і фантазіямі, якія найчасцей нараджаліся пасля паездак у родныя мясціны, шматлікіх размоў са звычайнымі вяскоўцамі. Увогуле лічыў, што мастаку цяжка і нават немагчыма стварыць штосьці вартае, абмежаваўшы сябе сценамі хай сабе і ўтульнай гарадской кватэры. Таму цалкам лагічным для Алеся Міхайлавіча было рашэнне назаўсёды перабрацца на Уздзеншчыну.
"У мяне падыход просты: пакуль працуецца - працую".
Прывёз на агледзіны ў Куль жонку, дзяцей. Старэнькі дом, сад, падворак, што яўна патрабавалі значных укладанняў часу, сіл і сродкаў, спачатку не вельмі прывабілі. Але ўрэшце ўсе падтрымалі жаданне мастака быць бліжэй да прыроды, жыць сярод мілых з дзяцінства краявідаў і людзей. У Мінску застаўся толькі сын Яраслаў, ён таксама мастак. Жонка Людміла Васільеўна стала выкладаць нямецкую мову ў Сямёнавіцкай базавай школе, там жа вучыліся і дочкі Ружана і Марыля.
Замест свіней, курэй, іншай жыўнасці завялі Філіповічы спачатку сабаку пароды тазы, а затым і беларускага ганчака. Калісьці нашы продкі шляхетнага паходжання выкарыстоўвалі іх для палявання, і адна такая жывёліна каштавала не менш, як два чыстакроўныя кані. Ёсць у гаспадара і стрэльба, дакументы паляўнічага, але, як прызнаецца Алесь Міхайлавіч, на паляванне ўжо гадоў колькі не ходзіць. Хіба што на імправізаванае, у стылі пазамінулага стагоддзя, што часам ладзіць знаёмы ўладальнік аграсядзібы для фотасесіі.
Любімай справай мастак
Алесь Філіповіч займаецца кожны дзень
А конь з’явіўся на падворку, дакладней, кабыла Марта. З якім задавальненнем гаспадар штораніцы вядзе агульную любіміцу на лугавіну, а ўвечары верхам аб’язджае знаёмыя мясціны! Якраз падчас такіх падарожжаў і нараджаюцца новыя творчыя задумкі, акрэсліваюцца сюжэты і знаходзяцца чарговыя лакацыі для працы. Колькі іх, гэтых мясцін, адлюстравана ўжо на палотнах і не менш яшчэ чакае сваёй чаргі. На карцінах Філіповіча можна ўбачыць і Парыж, і Вільню, і Браслаў, але найчасцей - урочышчы Воўчы хвост і Барсукі, Лазараў брадок і Сташэўшчыну, фальварак Емельянова ды іншыя прынёманскія прыродныя і архітэктурныя выдатнасці.
- Часта працую над карцінай у любімай мясціне, - захоплена расказвае Алесь Міхайлавіч. - Гэта бераг Нёмана паблізу стаянкі турыстаў за Андрушамі, а за рэчкай - Галавачы. Тут заўсёды ціха, спакойна, а дрэвы, кусты, паварот ракі кожны раз выглядаюць па-іншаму, і я стараюся ўлавіць усе адценні фарбаў, у залежнасці ад надвор’я ўбачыць настрой гэтага куточка.
Любімай справай займаецца кожны дзень. Калі дзве гадзіны, а калі з раніцы да вечара. У пакойчыку-майстэрні з дзясятак эскізаў. Каб не адчуваць сябе цалкам адарваным ад мастацкага свету, некалькі разоў на месяц наведвае Мінск - знаёміцца з новымі выстаўкамі, заходзіць у музеі. А на Уздзеншчыне дзякуючы намаганням Алеся Міхайлавіча адбылося нямала цікавых падзей. Раён наведалі знакамітыя мастакі Леанід Гоманаў, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Уродніч, Анатоль Бяляўскі і іншыя творцы. Ладзіліся выстаўкі ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, сустрэчы ў школе мастацтваў, арганізоўваліся пленэры ў розных кутках Прынямоння.
- Час цяпер для творчасці няпросты, і набываюць нашы карціны нячаста. Відаць, у людзей больш важныя клопаты, - разважае Алесь Міхайлавіч. - Але ж і раней не заўсёды перад намі ўключалася зялёнае святло. У мяне падыход просты: пакуль працуецца - працую.
Да 60-годдзя Алеся Філіповіча ў райцэнтры арганізавалі персанальную выстаўку, з якой затым і жыхары Капыльскага раёна змаглі пазнаёміцца. Перакананы: з-пад пэндзля вясковага мастака з’явіцца яшчэ не адзін цікавы твор, які, як і многія іншыя, захавае для нашчадкаў светлы і прыгожы вобраз Радзімы.
| Віктар САБАЛЕЎСКІ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Фота аўтара, з архіва раённай газеты "Чырвоная зорка" (г. Узда), асабістых архіваў мастакоў.
- размещаются материалы рекламно-информационного характера.